У Літве ўвялі абмежаванні для невакцынаваных ад COVID-19

З сённяшняга дня людзі, у якіх няма "пашпарта магчымасцяў", не змогуць атрымаць у Літве шэраг паслуг. Адзначаецца, што гэта не паслугі першай неабходнасці: невакцынаваныя не змогуць, напрыклад, хадзіць у гандлёвыя цэнтры і рэстараны.

vilnius_87604609.jpg

Людзей з "пашпартам магчымасцяў" ніякія абмежаванні не закрануць, аднак іх па-ранейшаму просяць выконваць меры засцярогі, напрыклад, дэзінфікаваць рукі, захоўваць дыстанцыю, насіць маскі. Людзі без гэтага дакумента не змогуць трапіць у крамы з таварамі не першай неабходнасці, у гандлёвыя цэнтры, на рынкі (калі іх плошча перавышае 1500 кв. м), яны не змогуць карыстацца паслугамі салонаў прыгажосці, хадзіць у спартклубы, на мерапрыемствы з удзелам больш за 500 чалавек.
Без "пашпарта магчымасцяў" можна хадзіць у харчовыя крамы і на прадуктовыя рынкі, у крамы з таварамі для жывёл, у аптэкі, салоны оптыкі, у артапедычныя салоны, у крамы, якія гандлююць раслінамі, насеннем, угнаеннямі. Аднак толькі ў тыя з іх, якія не знаходзяцца ў ГЦ або ў якія ёсць асобны ўваход, а іх плошча не можа быць больш за 1500 кв. м.
Студэнты могуць хадзіць на кантактныя заняткі бесперашкодна, калі ў іх ёсць "пашпарт магчымасцяў". Тыя, у каго яго няма, павінны рэгулярна тэставацца — гэтая паслуга ў Літве прадастаўляецца бясплатна.
Медыцынскія паслугі прадастаўляюць без "пашпарта магчымасцяў". Калі гаворка ідзе пра планавыя паслугі ў стацыянарах, трэба здаваць тэст на каронавірус. Яго аплачвае дзяржава. Міністэрства аховы здароўя Літвы пакідае за сабой права у будучыні ўвесці абавязковае тэставанне для прадастаўлення спецыялізаваных амбулаторных паслуг. Гэта будзе залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.
Атрымаць "пашпарт магчымасцяў" могуць усе прышчэпленыя, а таксама грамадзяне, якія перахварэлі або якія здаюць тэсты. З 13 верасня зноў будуць прызнаваць вынікі тэстаў на антыгены, але іх таксама на гэты дакумент трэба здаваць за свой кошт.
Паводле delfi.lt