Па новай версіі дэкрэта № 3 «дармаеды» будуць кампенсаваць поўны кошт ільгатуемых дзяржавай паслуг
Пра гэта паведаміла журналістам 9 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў міністр працы Ірына Касцевіч.
Паводле яе слоў, праект абноўленага дэкрэта знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта. «Сакрэтаў ніякіх няма. Ужо неаднаразова мы казалі, што абноўленая версія дэкрэта № 3 накіравана перш за ўсё на садзейнічанне і стымуляванне занятасці, на актыўную палітыку занятасці ў адносінах да тых грамадзянам, якія хочуць працаваць», — сказала міністр.
На пытанне, як плануецца стымуляваць тых, каго прызнаюць «дармаедамі», Касцевіч адказала: «Я не ведаю наконт «дармаедаў» і не хачу прамаўляць гэтыя словы. Але перш за ўсё абноўлены дэкрэт № 3 накіраваны, у тым ліку, і на выхад з ценю тых, хто займаецца схаванай занятасцю. Каб сапраўды вывесці гэтых людзей на рынак працы, мы плануем поўную кампенсацыю тых выдаткаў, якія сёння ільгатуюцца з боку дзяржавы». «Якія гэта будуць паслугі, будзе яшчэ разглядацца», — дадаў кіраўнік Мінпрацы і сацабароны.
Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнка 2 красавіка 2015 года. Ён абавязваў грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні у годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.
Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Па дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тыс. чалавек з 470 тыс., якім былі разасланыя паведамленні.
Дэкрэт выклікаў абурэнне ў грамадстве і прывёў да масавых вулічных пратэстаў, пік якіх прыйшоўся на вясну гэтага года. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.
У пачатку ліпеня Лукашэнка распарадзіўся пачаць вяртанне збору, выплачанага па дэкрэце, але грошы вяртаюць толькі тым, хто змог працаўладкавацца. На нарадзе 3 жніўня ён падкрэсліў, што «ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа» — гаворка ідзе пра новую рэдакцыю гэтага дакумента. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падрыхтаваць абноўлены варыянт да 1 кастрычніка. 2 кастрычніка стала вядома, што дапрацаваны варыянт дэкрэта № 3 накіраваны на разгляд Лукашэнкі.
Паводле belapan.com