Па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні лекараў-траўматолагаў
З розных гарадоў Беларусі працягваюць прыходзіць звесткі пра затрыманні лекараў-траўматолагаў.
На дадзены момант вядома пра затрыманне ў Мінску галоўнага лекара 11-й бальніцы Валерыя Урублеўскага і загадчыка рэабілітацыйнага аддзялення для траўматолага-артапедычных хворых 11-й ГКБ, траўматолага-артапеда Алега Ліпніцкага.
У 6-й бальніцы затрыманыя траўматолагі Сяргей Папок, Аляксандр Герасімаў, Уладзімір Статкевіч і Рыгор Знавец, у Мінскай абласной — Аляксандр Бянько, Аляксей Маслаў, Аляксандр Калесніковіч і Пётр Кезля. У РНПЦ траўматалогіі затрымалі Андрэя Варановіча, Аляксандра Мурзіча і Івана Мінакоўскага.
У Брэсце затрыманы былы загадчык аддзялення траўматалогіі абласной бальніцы Сямён Кісель, якому напярэдадні не працягнулі кантракт.
Магчыма, затрымалі і загадчыка артапедычнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы №1 Алега Сарнацкага. 26 сакавіка ў яго працоўным кабінеце адбыўся ператрус.
Выданню hrodna.life стала вядома, што ў Гродне затрымалі загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення № 2 мясцовай БХМД Андрэя Тодрыка.
Раней паведамлялася пра затрыманне траіх вядучых траўматолагаў у Віцебску. Гэта супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі.
У Гомелі забралі двух загадчыкаў аддзяленняў траўматалогіі: у абласной клінічнай бальніцы і абласным анкалагічным дыспансэры. Таксама затрыманыя трое траўматолагаў з Мазырскай ЦРБ. Затрыманы і загадчык траўматалагічнага аддзялення ў Ваўкавыску Яўген Саўко.