Пачаўся пераслед удзельнікаў Свіслацкага фэсту

9 лістапада на працу да свіслацкага грамадскага актывіста Юрыя Глебіка прыйшлі два міліцыянты, якія паведамілі, што ў дачыненні да яго складзены адміністрацыйны пратакол за нібыта правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. 

akcyja_u_svislaczy_1.jpg


Юры Глебік адмовіўся даваць тлумачэнні на той падставе, што перакананы ў тым, што не парушаў заканадаўства. Пра гэта паведамляе "Гарадзенская Вясна". Міліцыянты зышлі, цяпер грамадскага актывіста напэўна чакае выклік у суд на разгляд адміністрацыйнай справы.
Дзень памяці паўстанцаў 1863 году праводзіцца ў Свіслачы і Якушоўцы з сярэдзіны 1990-ых гадоў. Прымеркаваны ён да дня нараджэння Віктара Каліноўскага, старэйшага брата Кастуся Каліноўскага, які пахаваны на Свіслацкіх могілках, Дзень памяці праходзіць заўсёды напярэдадні Дзядоў. Значны час улады не перашкаджалі ўдзельнікам фэсту. Аднак, апошнія гады міліцыя і іншыя сілавыя структуры разам з судамі незаконна пераследуюць удзельнікаў свята. Так у 2014 годзе было складзена ажно 19 адміністрацыйных пратаколаў і 19 грамадскіх актывістаў былі засуджаны да штрафаў. У мінулым годзе ў выніку пераследу былі аштрафаваныя 5 грамадскіх актывістаў.