Пад Гомлем з'явіліся фіёрды (відэа)
Belsat.eu наведаў Глушкавічы, бераг скалістага беларускага возера.
Кожны ведае, што Беларусь — краіна азёраў. Але такога возера, як ля вёскі Глушкавічы на Гомельшчыне, у Беларусі больш няма. Роўна сорак гадоў таму ў Лельчыцкім раёне на мяжы з Украінаю пабудавалі завод для выпрацоўвання друзу.
Месца абралі не выпадкова: менавіта тут Украінскі крышталічны шчыт выходзіць практычна на паверхню зямлі. То бок беларусам дастаўся край тысячакіламетровага пляскатага каменя, на якім ляжыць частка Украіны.
Тут жа знайшлося і радовішча высакаякаснага граніту. Яго не драбілі на друз — здабывалі блокамі з дапамогаю выбухоўкі, рабілі помнікі, аздаблялі будынкі ў Гомлі ды нават у Менску.
Распрацоўка кар’еру спынілася з развалам Савецкага Саюзу, але наламаныя тады камяні не выкарысталі і да гэтага часу. А кар’ер запоўніўся вадою, там нават развялася рыба.
Рэдкія турысты наведваюць гэтыя мясціны па наводцы з інтэрнэту — убачыўшы інфармацыю на краязнаўчых сайтах ці фотаздымкі тых, хто ўжо тут пабываў.
Тыя, хто ўсё ж даехаў да возера між камянёў, адзначаюць, што не чакалі сустрэць такіх краявідаў у Беларусі.
Упадабалі скалісты ландшафт і аматары экстрэмальнага спорту — эндуро. Матацыклісты шукаюць адмысловыя пляцоўкі, дзе можна паездзіць па камянях.
Ваду з возера некалькі разоў адпампоўвалі, каб правесці інвентарызацыю. Запасы каменя — вялікія, і тэарэтычна распрацоўванне кар’еру можна працягнуць у любы момант. Справа ўпіраецца толькі ў адсутнасць сродкаў ды чыгункі. А практычна — мясцовыя жыхары кожнага госця стараюцца завезці ў Глушкавічы, на бераг скалістага беларускага возера.
Ірына Дарафейчук, belsat.eu