Пададзены заяўкі на пікеты ў абарону Курапатаў

21 мая ў Мінскі райвыканкам накіраваны заяўкі на два пікеты ў абарону Курапатаў.



kurapaty_abarona.jpg

Сярод заяўнікаў акцый — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
У заяўках, між іншым, адзначаецца, што ўвосень 2012 г. СТАА “БелРэстІнвест” узвяло ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”. Пад сціплай назвай аб’екту прыдарожнага сервісу насамрэч пабудаваны сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс з рэстаранам на 100 пасадачных месцаў, лазняй, чатырма дамкамі модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкай.
Такім чынам, перад самымі Курапатамі, дзе могуць ляжаць бязвінна забітыя продкі кожнага з беларусаў, паўстаў рэстаранна-забаўляльны комплекс для гулянак і вяселляў, пад час якіх выпіваюць, смажаць шашлыкі, спяваюць, танчаць і парацца ў лазні. І зараз гэты цэнтр адпачынку рыхтуецца да адкрыцця.
На меркаванне заяўнікаў пікетавання, рэстаранна-забаўляльны комплекс, узведзены побач з Курапатамі, з’яўляецца здзекам з гэтага велічнага помніка трагедыі беларусаў і своеасаблівым цынічным выклікам нацыянальным духоўным традыцыям з іх паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Апроч таго, пабудаваны цэнтр адпачынку стварае непасрэдную пагрозу Курапатам, бо павялічвае антрапагенны ціск на ўрочышча.
“Аднак дзяржава, на вялікі жаль, адмовілася выконваць свой прамы абавязак і бараніць ад беззаконня Курапаты. Вось чаму мы вымушаныя выйсці на пікет, каб выканаць свой канстытуцыйны абавязак па зберажэнню унікальнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты (арт.54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)”, — падкрэсліваецца ў заяўках.
У адпаведнасці з артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” грамадскія актывісты просяць дазволу на правядзенне пікетавання з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства і дзяржавы да сітуацыі каля Курапатаў пасля ўзвядзення аб'екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”.
Пікетаванні з удзелам да 10 чалавек у кожным запланаваныя на 4 чэрвеня ў ваколіцах Курапатаў.
Пад час акцый прадугледжана выкарыстанне лозунгаў наступнага зместу: “Бульбаш-хол” — здзек з Курапатаў!”, “БелРэстІнвест” — прэч ад Курапатаў!”, “Беларусы, абаронім Курапаты ад знявагі!”, “Курапаты — месца згубы бязвінных людзей, а не месца для забаваў“ і “Не  —  гулянкам і вяселлям ля Курапатаў!”.