Улады Брэста забаранілі пікеты супраць дэкрэта аб «дармаедстве»

Брэсцкі гарвыканкам забараніў актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі ўсе пікеты супраць дэкрэта аб «дармаедстве», паведамляе БелаПАН.



no_to_slavery.jpg

Як распавёў адзін з заяўнікаў акцый, намеснік старшыні АГП Уладзімір Вуек, 25 мая ў Брэсце партыйцы планавалі правесці 10 пікетаў: пяць  —  у дазволеных для гэтага ўладамі месцах (на стадыёне «Лакаматыў» і ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў), астатнія — у цэнтры горада і мікрараёне Усход. Мэта пікетаў — данесці да грамадскасці пазіцыю партыі аб недапушчальнасці ўвядзення прымусовай працы, прадугледжанага дэкрэтам № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
Меркавалася, што акцыі будуць доўжыцца гадзіну з колькасцю ўдзельнікаў у кожнай 20 чалавек.
Па словах Вуека, улады забаранілі пікеты ў цэнтры Брэста і ў мікрараёне Усход, таму што ў заяўках пазначаны месцы, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў забаронена; на стадыёне і ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў — з матывіроўкай, што заяўнікі не заключылі дамовы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.
«Я лічу ўсе адмовы неправамернымі. Мы як падаткаплацельшчыкі ўжо аплацілі паслугі гэтых дзяржструктур. З нас жа хочуць узяць грошы па другім разе, — заявіў палітык. — Што тычыцца забаронаў пікетаў не ў месцах, вызначаных для такіх мерапрыемстваў, то нядаўна Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў гэта парушэннем грамадзянскіх правоў. У камітэт са скаргай звярталася група берасцейцаў, якім Берасцейскі гарвыканкам таксама адмовіў у правядзенні пікета ў не ўстаноўленым чыноўнікамі месцы».
naviny.by