Пакаралі нават 75-гадовую бабулю

Некалькі пенсіянераў атрымалі па 15 сутак, астатніх сагналі ў аддзяленне міліцыі і раздалі штрафы, піша "Наша Ніва".

2020_12_02210056_tvib7.jpg


Марш мудрасці 30 лістапада стаў першым шэсцем пажылых людзей, якое скончылася масавымі затрыманнямі. Раней кропкава хапалі маладзейшых удзельнікаў і журналістаў, цяпер — саміх пенсіянераў.
Каля 10 чалавек забралі ў міліцыю, частку з іх увечары адпусцілі з пратаколамі, іх будуць судзіць пазней, некаторых адправілі на Акрэсціна.
Суддзя Сяргей Кацар разглядаў справу 58-гадовай Рымы Сярогінай. Вердыкт — 15 сутак.
57-гадовую Марыну Сусліну судзіла Лідзія Цяліца. Жанчына патлумачыла, што не ўдзельнічала ні ў якой дэманстрацыі. Ішла па адваротным баку вуліцы, а потым стаяла на прыпынку, дзе яе і затрымалі. Вынік — тыя ж 15 сутак.
На Акрэсціна ў чаканні суда знаходзіцца 58-гадовая Людміла Дабравольская — сястра палітыка Аляксандра Дабравольскага. Яе таксама затрымалі на Маршы мудрасці ў панядзелак.
Іншую групу пенсіянераў заціснулі на вуліцы Валадарскага. Бабулям і дзядулям дазвалялі выйсці з ачаплення толькі пры ўмове, што яны скажуць на відэакамеру свае імя і адрас пражывання.
Да многіх з іх у аўторак прыйшлі міліцыянеры і ўручылі павесткі на сераду ў міліцыю. Ад раніцы пенсіянераў сабралі ў актавай зале Маскоўскага РУУСа, склалі пратаколы і адразу ж асудзілі праз інтэрнэт у Маскоўскім судзе.
Валанцёры, якія дзяжурылі ў судах, толькі і паспявалі паведамляць вынікі пасяджанняў:
75-гадовая Л. Лепіхава — штраф 15 базавых,
66-гадовая А. Дзмітрыева — штраф 30 базавых,
59-гадовая Г. Голдберг — штраф 30 базавых,
57-гадовая Жанна Гурбановіч — штраф 30 базавых,
В. Васілеўскі — штраф 30 базавых.