Палата прадстаўнікоў не дазволіла Канапацкай даць прэс-канферэнцыю
Палата прадстаўнікоў у апошні момант адмяніла прэс-канферэнцыю, якую збіралася правесці 12 верасня дэпутатка Ганна Канапацкая.
![Фота Ганны Канапацкай з архіву Еўрарадыё Фота Ганны Канапацкай з архіву Еўрарадыё](/img/v1/images/kanapackaja_1209.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Ганны Канапацкай з архіву Еўрарадыё
Прэс-канферэнцыя пад назвай "Правацэнтрысцкая альтэрнатыва дэкрэту №3" мусіла адбыцца ў прэс-цэнтры Палаты прадстаўнікоў. Пра адмову стала вядома ўвечары 11 верасня.
У сувязі з гэтым арганізатары перанеслі прэс-канферэнцыю ў гатэль "Манастырскі". Акрамя Канапацкай у мерапрыемстве прымуць удзел старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня аргкамітэта па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі і кіраўнік працоўнай групы па выпрацоўцы "Правацэнтрысцкай альтэрнатывы дэкрэту №3" Яраслаў Раманчук.
У сваім каментары ў сацсетках Лябедзька назваў адмену прэс-канферэнцыі "балаганам і цыркам-шапіто". На яго думку, мерапрыемства адмянілі ў сувязі з тым, што апазіцыя хоча прапанаваць альтэрнатыву вядомаму "дэкрэту аб дармаедах".