Палітолаг: «Сам факт сустрэчы ў Брэсце кажа аб тым, што з рэйтынгам у Лукашэнкі сапраўды праблема»

Кіраўнік дзяржавы ў міралюбных танах пагутарыў з актывістамі ў Брэсце. Да чаго б гэта?

Фота: Белта

Фота: Белта

Падчас сваёй паездкі ў Берасце, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода — і нават паабяцаў ініцыяваць мясцовы рэферэндум.
Завяршылася сустрэча групавым фота з тымі, хто прыйшоў на сустрэчу.
Ці можа гэта азначаць, што Лукашэнка пачаў падлашчвацца да апазіцыйна настроенага электарату?
Я не да канца разумею, з кім сустракаўся Лукашэнка ў Брэсце, – сказаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітолаг Валер Карбалевіч. — Калі з актывістамі, то, напэўна, з не самымі актыўнымі, таму што найбольш актыўныя ўжо сядзяць у турме. І зноў жа, зыходзячы з тых паведамленняў, якія ёсць, там не было ніякага дыялогу, а быў толькі маналог.
У той жа час, на думку суразмоўцы «Салідарнасці», факт таго, што кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прадстаўнікамі БРСМ ці «Белай Русі», а не з арганізаванымі дзяржавай людзьмі, сам па сабе адметны:
— З аднаго боку, такая сустрэча выглядае лагічнай, бо Лукашэнка разумее, што большасць жыхароў Берасця выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. І актывісты, якія выходзяць «карміць галубоў», проста адлюстроўваюць гэтыя грамадскія настроі. І ён хоча нейтралізаваць гэтыя настроі.
На думку палітолага, менавіта з гэтым звязаная прапанова Лукашэнкі арганізаваць нейкі рэферэндум, хоць складана паверыць, што ён пройдзе да выбараў, а пасля выбараў пра яго можа ніхто і не ўспомніць.
З іншага боку, сам факт гэтай сустрэчы, гэтага абяцання кажа аб тым, што з рэйтынгам у Лукашэнкі сапраўды ёсць праблема. Відаць, такім чынам ён спрабуе атрымаць падтрымку берасцейцаў. Калі б з рэйтынгам усё было выдатна, гэтымі пратэстамі ён бы мог занядбаць – заўважыў Валерый Карбалевіч.
Адказваючы на пытанне, наколькі адэкватна дзеючая ўлада ацэньвае рэальную падтрымку Лукашэнкі па краіне, палітолаг дапусціў, што кіраўнік дзяржавы сапраўды верыць у пераважную колькасць сваіх прыхільнікаў:
— Тут трэба разумець псіхалогію Лукашэнкі. Я цалкам дапускаю, што ён проста не можа паверыць, што большасць народа яго ўжо не прымае. Бо ён прыйшоў да ўлады на хвалі народнай падтрымкі, ён заўсёды любіў распавядаць гісторыю, як хворыя людзі, ледзь не паралізаваныя, падымаліся і ішлі на выбары, каб за яго прагаласаваць.
І цяпер прызнаць факт, што гэтая самая большасць яго не падтрымлівае, што адбыўся пераход ад любові да нянавісці, для яго псіхалагічна цяжка. Я цалкам дапускаю што ён сапраўды верыць, што за яго большасць.
У любым выпадку, большасць на баку Лукашэнкі ці меншасць, сваю ўладу ён проста так не аддасць. Ён будзе абараняць яе з дапамогай сілы, што цяпер і адбываецца. У гэтай сітуацыі для грамадства ёсць відавочная пагроза: кажучы мовай савецкай тэрміналогіі, у Беларусі ўзніклі антаганістычныя супярэчнасці.
Ёсць грамадства, якое хацела б памяняць уладу, і ёсць Лукашэнка, які катэгарычна не згодны з настроем грамадства. Гэта вядзе да псіхалогіі халоднай грамадзянскай вайны, якая не дай Бог можа ператварыцца ў гарачую. І гэты канфлікт будзе нарастаць па меры набліжэння да 9 жніўня.
Паводле gazetaby.com