Палітвязень і музыка Ігар Банцар за месяц на «хіміі» не змог прайсці медкамісію

Гродзенскі палітвязень і музыка Ігар Банцар прыехаў на «хімію» ў Віцебск 19 чэрвеня 2021 года і за месяц не змог прайсці медыцынскую камісію, паведамляе «Радыё Рацыя».

bancer_ihar.jpg

— За гэты месяц аніводная праблема са здароўем не вырашана. Хоць я ехаў сюды ўжо з накіраваннем у шпіталь. Але мне сказалі прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы, што гэта гродзенскае накіраванне, у гродзенскі шпіталь. «У вас жа нібыта сістэма аховы здароўя адна ў краіне, то чаму вы мяне не хочаце ў шпіталь класці?» — пытаюся. Яны адказалі, што мяне ў шпіталь не пакладуць, — гаворыць Ігар Банцар.
Паводле слоў палітвязня, у іх папраўчай установе кожны дзясяты — гэта палітвязень:
— Зараз больш за сто чалавек тут знаходзіцца. Дзесяць з іх, са мной уключна, афіцыйна прызнаныя палітвязнямі. Зразумела, спрабуем гуртавацца, трымацца разам, але адміністрацыя ўстановы дасюль адмаўляе той факт, што ёсць асуджаныя па палітычных артыкулах.
За час адбывання пакарання ў так званай «хіміі» Ігар атрымаў ўжо адно папярэджанне, а пасля трох такіх вымоў яго могуць адправіць у ШІЗА, а затым — у калонію — для таго, каб пакаранне стала больш жорсткім.
Нагадаем, Ігар Банцар быў затрыманы 20 кастрычніка 2020 года за правядзенне перформансу ў выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі.
Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя органамі следства як здзяйсненне хуліганства — ч.1 арт. 339 КК. Пры гэтым, як вынікае з паказанняў самога абвінавачанага, сапраўднымі матывамі і мэтамі гэтага ўчынку было выказванне пратэсту ў форму перформанса, які суправаджаўся частковым публічным агаленнем (танцам у стрынгах на целе) перад машынай з супрацоўнкамі міліцыі.
Да суду Ігар утрымліваўся пад вартай. Падчас суду, які пачаўся ў сакавіку, Ігар абвясціў сухую галадоўку. У выніку яму прысудзілі паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Адрас для лістоў: выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу №9. 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39. Банцару Іару Раманавічу.