Палітвязня з апошняй стадыяй раку пачнуць судзіць 2 чэрвеня

Павел знаходзіцца ў зняволенні амаль чатыры месяцы.

pavel_kuczynski.jpg

Справу жыхара Маладзечна Паўла Кучынскага будуць разглядаць у 10:30 2 чэрвеня ў Вілейцы. Працэс будзе весці суддзя Канстанцін Калядаў.
Павел мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя раку. Яго абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У зняволенні яго ўтрымліваюць амаль чатыры месяцы.


Родныя ездзілі ў Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і Адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло. Сваякам удалося дабіцца, каб Кучынскага звазілі ў Бараўляны на абследаванне, па выніках якога бачна, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абследавання следчай з просьбай аказаць дапамогу, тая сказала, што ён нібыта не скардзіцца ды што родныя «гэтымі дзеяннямі затрымліваюць працэс».

Падтрымаць Паўла лістом можна па адрасе: Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.