Палітвязню Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 2 месяцы

Ён прабудзе ў СІЗА яшчэ мінімум 2 месяцы, да 27 чэрвеня, паведамляе жонка Аляксандра Васілевіча Надзея Зелянкова.

Фота: Bel.biz

Фота: Bel.biz

«Сашу працягнулі варту. У турме 8 месяцаў, прабудзе ў СІЗА яшчэ мінімум 2 месяцы, да 27 чэрвеня. Саша будзе стаяць у планцы, адціскацца, прысядаць. Саша будзе варыць каву, прыбіраць у камеры, мыцца халоднай вадой і раз на тыдзень хадзіць у душ. Саша будзе радавацца кнігам і лістам, скардзіцца на тое, што ў яго няма навін і пісаць яму няма пра што. Саша не будзе бачыць, як расце Уршуля, чуць, як яна рагоча. Ужо хутка 5 месяцаў, як ён можа толькі па фатаграфіях уяўляць, як выглядае. Саша не прыйдзе, калі крэмень-Аделька заплача, што хоча да таты, каб пашкадаваў яе выпалы зуб. Саша будзе пасылаць мне кветкі і клапаціцца пра нас нават знаходзячыся ў турме. Прыдумляць вар'яцкія бізнес-ідэі, даваць дакладныя парады па працы і трансляваць калегам па камеры эканамічныя тэорыі. І калі ён і ўсе палітвязні выйдуць, любоў не будзе азначаць забыццё зла. Яна будзе азначаць толькі адсутнасць нянавісці і не паўтор тысяч ужо учыненых злачынстваў у адносінах права, калі людзей арыштоўваюць і судзяць за замахі на забойства, якіх не было, за тамы дрэнна напісанай фантастычнай літаратуры ў эканамічныя справах, за выказанае меркаванне, за сэрцайка на акне. Або за справу, у якой шукаюць віну пасля таго, як закрываюць у турме. Я веру, што ўсе выйдуць. Таму што вельмі шмат добрых людзей там, дзе яны і павінны быць, на баку святла», — напісала Надзея Зелянкова.
Бізнесмен, сузаснавальнік анлайн-выданняў kyky.org і «The Village-Беларусь», уладальнік агенцтва «Vondel / Hepta» і прасторы «Галерэя Ў» Аляксандр Васілевіч быў затрыманы 28 жніўня 2020 года. Чацвёртага верасня Васілевічу было прад'яўленае абвінавачанне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства, на дадзены момант невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яно прад'яўлена. У якасці падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча Надзея Зелянкова. Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, другога снежня ў іх нарадзілася дачка Уршуля.
Адрас для лістоў Аляксандру Васілевічу: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2