Палітзняволеная Наталля Хершэ спыніла галадоўку
«Кожны раз захапляюся жыццём...» — напісала Наталля Хершэ ў лісце да брата, паведамляе «Еўрарадыё».
Палітзняволеная Наталля Хершэ, асуджаная за сарваную з амапаўца балаклаву, спыніла галадоўку. Пра гэта яна напісалі ў лісце брату, паведамляе ТГ-канал mediazona_by.
«Кожны раз захапляюся жыццём... Нечакана, на 9-м дні галадоўкі, у 21:30, даўшы 10 хвілін на зборы, мяне забралі на этап.
У цягніку сказалі, што ехаць нам 12 гадзін, так і было. Я пачала есці, з'ела адзін яблык, вады было мала, эканомілі. Па прыездзе на першы погляд усё выглядала нядрэнна, але адчувала моцную слабасць. Мы заспелі абед, быў вельмі смачным, хоць я і не з'ела шмат», — піша Наталля.
Наталля Хершэ — ураджэнка Беларусі, якая выйшла замуж за швейцарца. Яна прыехала на радзіму і прымала ўдзел у акцыях пратэсту. 19 верасня падчас адной з такіх акцый яна сарвала з амапаўца балаклаву і пры гэтым падрапала яму твар. Жанчыну асудзілі на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму.