Адышла ў лепшы свет Ганна Вольская. Развітанне заўтра ў Свята-Елісавецінскім манастыры
23 сакавіка ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця сябра ГА “БАЖ” Ганна Вольская, жонка вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага, паведамляе БАЖ.
Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года.
Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле легендарнага “Радыё 101.2”, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У шлюбе у іх нарадзілася дачка Адэля, якой сёння споўнілася 18 гадоў.
Ганна пэўны час была дырэктарам гурту N.R.M., з’яўлялася нязменным прадзюсарам музычнага праекта “Крамбамбуля” і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай сцэнару, прадзюсарам і нават акторкай у некалькіх праектах для тэлеканала “Белсат” (“Снежны завулак”, “Назад у будучыню”). Сябра ГА “БАЖ” з 2009 года.
Развітанне з Ганнай Вольскай адбудзецца ў чацвер, 24 сакавіка, з 11 да 13 гадзіны ў Свята-Елісавецінскім манастыры (вул. Выгоцкага, 6, мікрараён Навінкі г. Мінска). Ганна Вольская будзе пахаваная на могілках у Заслаўі.
Адпяванне пройдзе з 9:45 да 10:45, грамадзянская паніхіда з 11:00 па 13:00. Пасля труну павязуць на пахаванне ў Заслаўе.
"Новы Час" смуткуе і выказвае глыбокія спачуванні сямейнікам і сябрам Ганны Вольскай. Светлая памяць.