Памёр міліцыянт, якога падпалілі падчас допыту ў Шклове

Шклоўскі міліцыянт, якога мужчына падчас допыту падпаліў разам з сабой, памёр у бальніцы.

Сляды падпалу ў будынку РАУС

Сляды падпалу ў будынку РАУС

27-гадовы міліцыянт, якога тыдзень таму падпалілі падчас допыту, памёр. Міліцыянт з моцнымі апёкамі больш за тыдзень быў у шпіталі.

Сёння міліцыянта са шклоўскага РАУС пахавалі.

Нагадаем, 31 траўня ў будынку раённага аддзела ўнутраных спраў, мужчына, якога выклікалі на допыт, падпаліў сябе і следчага. Мужчына-падпальшчык адразу загінуў. Следчы атрымаў моцныя апёкі.

Па інфармацыі СМІ, пацярпелага следчага звалі Дзмітрый Хадарэнка, яму было 27 гадоў. У траўні 2018 года на сайце раённай газеты «Ударны фронт» выходзіла публікацыя аб працы Шклоўскага РАУС, у ёй згадваўся оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Дзмітрый Хадарэнка. Тады ён распавядаў, што ўладкаваўся ў райаддзел у жніўні 2017 года, прыйшоў пасля інстытута МУС, «можна сказаць, здзейсніў дзіцячую мару».

Праз пяць месяцаў, у кастрычніку 2018-га, на святкаванні юбілею крымінальнага вышуку Беларусі Дзмітрыю Хадарэнку ўручылі грамату УУС Магілёўскага аблвыканкама, ён быў у званні старшага лейтэнанта міліцыі. Увосень 2020-га таксама атрымаў грамату ад начальніка УУС.