Папера ўсё стрывае, але не людзі

14 мая ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся працэс па іску праваабаронца Алега Волчака да газеты «СБ. Беларусь сегодня». Працэс Волчак не выйграў, але лічыць, што намаганні абараніць свае гонар і годнасць не былі марнымі.



e0cf1f47118daebc5b16269099ad7347.jpg

14 мая ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся працэс па іску праваабаронца Алега Волчака да газеты «СБ. Беларусь сегодня». Працэс Волчак не выйграў, але лічыць, што намаганні абараніць свае гонар і годнасць не былі марнымі.
Падставай для судовага разбіральніцтва стала публікацыя ў нумары газеты за 6 сакавіка 2009 года артыкула пад назвай «Много у нас диковин, каждый чудак — Бетховен» за подпісам Ксенафонта Суперфасфатава. У матэрыяле, напісаным у форме фельетона, расказвалася пра беларускіх праваабаронцаў — Алега Волчака і Яну Палякову, якая скончыла жыццё самагубствам у ноч на 7 сакавіка. Сябры і калегі Паляковай лічаць, што ў шэрагу пераследу дзяўчыны з боку ўладаў апошняй кропляй, якая і падштурхнула да самагубства, мог стаць менавіта гэты абразлівы артыкул. Алег Волчак патрабаваў прызнаць апублікаваныя звесткі ганебнымі і спагнаць з рэдакцыі 70 мільёнаў рублёў у якасці маральнай кампенсацыі.
Аўтар артыкулу, натуральна, на суд не з’явіўся, замест яго інтарэсы газеты прадстаўляў юрысконсульт Аляксей Шпілеўскі. Цягам аднаго дня суд разгледзеў справу, і назаўтра абвясціў рашэнне — не задаволіць ніводную з прэтэнзіяў праваабаронцы. «Суд прайшоў вельмі хутка, нават адвакат здзівілася, што працэс заняў усяго тры гадзіны, — гаворыць Алег Волчак. — Прадстаўнік «СБ. Беларусь сегодня» на многія нашы пытанні адказаць не змог. Мы хацелі, каб прысутнічаў непасрэдна аўтар артыкулу, тым больш ён мусіў праверыць факты, апісаныя ў артыкуле, але ніякага Суперфасфатава мы так і не пабачылі. Высветлілася, што гэта мужчына, які працуе ў рэдакцыі газеты. Ніякай віны за сабой ён не адчувае і ўласнай непрыязні да мяне не мае».
Волчака цікавіла, адкуль аўтар узяў інфармацыю для артыкула, што праваабаронца «рэзва аббег рэдакцыі», супрацоўнікі спецслужбаў білі яго кастэтамі, адкуль звесткі, што праваабаронцы насамрэч ніякія не юрысты і не абаронцы інтарэсаў грамадзян, а «леваабаронцы». Прадстаўнік газеты спаслаўся, што гэтыя звесткі паводле матэрыялаў сайту «Хартыя–97» і газет «Беларусы і рынак», «БДГ». Але ніводнага з названых фактаў пацвердзіць не атрымалася, таму юрысконсульт Аляксей Шпілеўскі спаслаўся, што падобныя моўныя абароты — ацэначнае меркаванне аўтара. Алег Волчак з падобнай трактоўкай не згодны і лічыць факты, пералічаныя ў артыкуле ілжывымі.
«Рэдакцыя «СБ. Беларусь сегодня» надта не напружвалася, і нават адваката не наймала. На працэсе мне стала зразумела, што суддзя мае намер разгледзець справу за адзін дзень. Я заявіў, што кепска сябе адчуваю, прасіў перанесці працэс на другі дзень, але гэтае хадайніцтва палічылі не адпаведным заканадаўству, не было часу і на падрыхтоўку да судовых спрэчак, — расказвае Алег Волчак пра ход судовага працэсу. — Мы з адвакатам узялі справы супраць газет «Народная воля», «Новы час» і паспрабавалі дзейнічаць па прынцыпу тых, хто падаваў іскі. Але Закон у нас выкарыстоўваецца выбарачна. Калі б суд у свой час падышоў да справы Яны Паляковай з чыстым сумленнем, то, магчыма, Яна была б жывая, але суддзі не звяртаюць на гэта ўвагі. Гэтым працэсам я хачу сказаць, што дзяржаўная прэса мусіць спыніць паклёпы супраць іншадумцаў, а ўсім, хто зведаў падобныя абразы, раю звяртацца ў суд. Я ведаю, што ніхто ў СБ падобных іскаў не выйграваў, але сам факт галоснасці многа значыць».
Алег Волчак лічыць, што мэтай артыкула было скампраметаваць не толькі яго, але і Яну Палякову, мінскіх праваабаронцаў. Волчак узгадвае іншыя артыкулы ў газеце на падобныя тэмы. Разам з тым ён адзначае, што ў публікацыях выразна прасочваецца «почырк» аўтара — галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча. Бліжэйшым часам будзе пададзеная касацыйная скарга на рашэнне суда.
У лютым гэтага года ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» быў надрукаваны яшчэ адзін артыкул, у якім фігуравала асоба Алега Волчака. Гэта артыкул-ліст палкоўніка Іллі Рыжанкова пад назвай «Мы не масоўка для правакатараў!». У матэрыяле гаварылася пра правакацыі, якія быццам бы рыхтуюць некаторыя былыя ўдзельнікі ваенных дзеянняў у Аўганістане. Да таго ж у віну ім ставіцца тое, што яны адмовіліся ад дзяржаўных узнагарод і дамагаюцца вяртання льгот воінам-інтэрнацыяналістам. «Добра б гэтыя эгаісты проста ціха нылі аб зубных каронках, дык не. Пішуць надрыўныя лісты кіраўніцтву, раздаюць інтэрв’ю, бессаромна, выбачайце, каламуцяць ваду. Калі я прачытаў іх ныццё ў адной з апазіцыйных газет, мімаволі прыйшло ў галаву: якія нахрапістыя хлопцы!» — піша аўтар артыкула.
Алег Волчак лічыць, што гэтая публікацыя ўтрымлівае не толькі абразу яго гонару і годнасці, але і паклёп. «Я буду рыхтаваць дакументы для завядзення крымінальнай справы за паклёп. Фактычна мы пачынаем кампанію супраць «СБ. Беларусь сегодня», каб давесці, што не мусіць быць месца журналістыцы, якая грунтуецца на абразах і ілжывых фактах», — падкрэслівае праваабаронца.