Папулярызатара вікіпедыі Марка Бернштэйна пасадзілі на 15 сутак за «непадпарадкаванне»
Марк Бернштэйн вядомы ў Беларусі актывіст і папулярызатар развіцця інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.оrg. Ён уваходзіць у спіс «топ-50 лепшых аўтараў сегмента на рускай мове».
Учора яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, а ў іх тэлеграм-канале было апублікавана фота Бернштэйна з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасійскія матэрыялы».
Па папярэдняй інфармацыі, ён быў затрыманы па запыце расійскага ФСБ.
Затрыманне Марка здарылася на наступны дзень пасля таго, як у
расійскім праўладным тг-канале з'явілася інфармацыя, што дзеянні Бернштэйна
трапляюць пад закон «аб фэйках». Гэта закон, які днямі прынялі ў Расійскай
Федэрацыі: цяпер за распаўсюд фэйкаў аб дзеяннях вайсковых сіл Расіі могуць
прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.
️Сёння праваабаронцам стала вядома, што Марка
пакаралі 15-сутачным арыштам па арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне
супрацоўнікам міліцыі»).