Пасля 45 дзён арышту вызвалены лідар страйкама «Беларуськалія». За час пратэстаў ён адсядзеў 100 сутак

Пасля 45 дзён адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў сустаршыня страйкама «Беларуськалія» Анатоль Бокун.

Фота АР

Фота АР

«Анатоль Бокун на свабодзе. Ён у добрым настроі і не наракае на здароўе!» — паведаміў тэлеграм-канал «Стачком ОАО "Беларуськалий"».

Сустаршыню страйкама «Беларуськалія» Анатоля Бокуна заблакавалі ў бацькоўскім доме 8 мая, нагадвае «Свабода». Пасля гэтага на закрытым працэсе ў Салігорскім РАУС суддзя Юрый Блоцкі асудзіў яго спачатку на 30 сутак за «несанкцыянаванае мерапрыемства», а затым яшчэ дадаткова на 15 сутак за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Анатоль Бокун ад імя страйкама вядзе перамовы з кіраўніцтвам кампаніі «Yara», каб нарвежскі партнёр разарваў кантракт з «Беларуськаліем» за рэпрэсіі супраць страйкоўцаў. У маі актывіст расказаў, што скандынавы вырашылі адправіць у Салігорск свайго прадстаўніка для назірання за сітуацыяй, аднак пры гэтым адзначыў, што страйкамаўцаў на перамовы так і не запрасілі.

У верасні-кастрычніку 2020 года ён ужо адбыў 55 сутак. Агулам летась і сёлета ён адбыў 100 дзён адміністрацыйнага арышту.

Анатоль Бокун працаваў механікам аддзялення згушчэння сільвінітавай абагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўлення. Адміністрацыя «Беларуськалія» звольніла яго «за парушэнне працоўнай дысцыпліны», аднак сам ён расцаніў гэта як адзін з прыкладаў рэпрэсій за іншадумства.