Пасля крытыкі Лукашэнкі завялі 15 крымінальных спраў

«Мы будзем на працягу пэўнага часу трымаць кіраўнікоў у тонусе, каб той парадак, які мы змаглі навесці ў ходзе гэтай вясновай кампаніі, застаўся прынамсі на некалькі гадоў.  А то і цяпер, бывае, прыязджаеш у тую ці іншую гаспадарку, а там ніхто і не чухаўся. Думаюць: «Раптам нас пранясе». Не пранясе», — заявіў кіраўнік КДК, піша «Свабода».

9ae8bbb6_31ba_4067_91ac_c43cb2bd42a2_w1023_r1_s.jpg

 

Пасля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў канцы сакавіка за неадпаведнае ўтрыманне жывёлаў заведзена 15 крымінальных спраў, паведаміў старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў у праграме «Размова ў прэзідэнта» на тэлеканале «Беларусь-1».

«Парушэнняў у АПК выяўлена шмат. Тое, што мы паспелі праверыць — а нашымі сіламі дайсці да кожнай гаспадаркі нерэальна, — 2490 парушэнняў зафіксавана на правераных аб’ектах. Аператыўна ўдалося ліквідаваць больш за 77% з іх», — удакладніў ён.

Паводле Анфімава, па выніках праверак:

  • заведзена 15 крымінальных спраў,
  • да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 86 кіраўнікоў і спецыялістаў райвыканкамаў, 623 сельскагаспадарчыя арганізацыі,
  • да адміністрацыйнай адказнасці — 196 кіраўнікоў і спецыялістаў сяльгасарганізацый.

«Мы будзем на працягу пэўнага часу трымаць кіраўнікоў у тонусе, каб той парадак, які мы змаглі навесці ў ходзе гэтай вясновай кампаніі, застаўся прынамсі на некалькі гадоў. І будзем падтрымліваць гэты парадак на пастаяннай аснове. А то і цяпер, бывае, прыязджаеш у тую ці іншую гаспадарку, а там ніхто і не чухаўся. Думаюць: “Раптам нас пранясе”. Не пранясе», — заявіў кіраўнік КДК.

26 сакавіка падчас паездкі па Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае», абурыўся кепскімі ўмовамі ў кароўніку, параўнаўшы іх з Асвенцымам. Ён загадаў зняць з пасадаў «усіх вінаватых», пагражаў прызначэньнем у Шклоўскі раён кіраўніцы сваёй адміністрацыі Наталлі Качанавай, адстаўкай — віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму і свайму памочніку Генадзю Лаўранкову.

Пасля абурэння Лукашэнкі ў адстаўку адправілі шэраг буйных чыноўнікаў. Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі. 27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.

1 красавіка стала вядома, што былы міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы — пасаду памочніка прэзідэнта — ​інспектара Магілёўскай вобласці, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што іх адстаўка — не «экспромт праз нейкую ферму ў Сліжах».