Паўла Севярынца будуць судзіць за абвестку пра «Астравецкі шлях»

Аднаго з лідараў БХД Паўла Севярынца ў хуткім часе будуць судзіць за заклік да правядзення «Астравецкага шляху».

1514306843_25659313_10214965624755555_5895732158135335282_n_1.jpg


“Судзіць за звычайную абвестку — гэта поўны абсурд”, — распавёў Павел сайту palitviazni.info.
Паўла Севярынца вінавацяць у тым, што ён, “выступаючы 26 красавіка 2018 года на “Чарнобыльскім шляху”, заклікаў да правядзення акцый 26 дня кожнага месяца ў гарадах Заслаўе, Радашковічы, Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны, Астравец”.
“Усё гэта — абсурд і беззаконне, — кажа Павел. — Калі прыйшла павестка, я патэлефанаваў у райаддзел міліцыі, і там мне спачатку наогул не хацелі казаць, у чым мяне вінавацяць. Сказалі: “Прыходзьце на размову”. А затым высвятлілася, што хочуць судзіць за “заклік”. Падчас “Чарнобыльскага шляху” я і на самай справе казаў, што мы будзем падаваць ва ўстаноўленым законам парадку заяўкі на правядзенне акцый “Астравецкі шлях”, але якая ў гэтым крамола? Праўда, міліцыю такія аргументы абсалютна не цікавяць. Для іх вызначальнае слова — “заклік”.
Павел Севярынец мяркуе, што суд адбудзецца да 26 мая, бо на гэты дзень запланавана правядзенне мерапрыемства ў Заслаўі.
“Не ведаюць, што “выпішуць” — штраф альбо “суткі”, — дадае палітык. — Але, калі адправяць за краты за звычайную абвестку, то тут застанецца толькі развесці рукамі. Улады ў сваіх рашэннях даходзяць да абсурда”.
palitviazni.info