Пенсіянерка выкрывае ЖКГ
Пенсіянерка з Бабруйска Любоў Санкевіч правяла параўнальны аналіз тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі за 2010 і 2017 гг.
Бабруйчанка Любоў Санкевіч жыве ў двухпакаёвай кватэры і кожны месяц плаціць за карыстанне жыллёва-камунальнымі паслугамі ладную частку сваёй пенсіі. За ўсе паслугі, разам узятыя, у верасні ёй трэба было аддаць амаль траціну пенсіі — каля 90 рублёў. Сумы ў жыроўцы растуць пастаянна, і канца гэтаму — не відаць.
У апошнім паведамленні пенсіянерка прачытала, што цяпер яна пакрывае толькі 69,2% ад сабекошту паслуг. Засумнявалася, а таму вырашыла зрабіць падлікі, наколькі «пацяжэла» жыроўка за апошнія сем гадоў. Атрыманымі вынікамі падзялілася ў публікацыі ў сацыяльных сетках:
«Што можна казаць пра ўладу, якая хлусіць нахабна?! Нам у жыроўках пішуць, што мы плацім за камунальныя толькі 69%! .. А на самой справе я параўнала аплату за 2010 год і 2017 год і вось, што атрымалася ... »
Паводле разліку былога бухгалтара, аказалася, што без уліку інфляцыі, напрыклад, тарыф аплаты за капітальны рамонт з 2010 года вырас больш чым у тры разы, каналізацыя — больш чым у 15 разоў, падагрэў вады і вываз смецця дык увогуле сталі даражэй ажно больш чым ў 107 і 125 разоў, адпаведна!
«Аб якім такім павышэнні тарыфаў могуць казаць гэтыя ўлады? Колькі можна з нас піць кроў?!» — З абурэннем пытаецца ў сваёй публікацыі Любоў Міхайлаўна.
Паводле babruysk.by