Пенсіянерку Галіну Дзербыш прымусова раздзявалі перад судом

Хворую на анкалогію 60-гадовую пенсіянерку Галіну Дзербыш раздзявалі сілай перад судом

halina_dzerbysz.jpg

Галіну Дзербыш судзяць па «справе Аўтуховіча». Нядаўна ў гродзенскай турме адзенне фігурантаў справы пачалі прасвечваць рэнтгенам перад судом. Для гэтага людзей прымушаюць здымаць усё адзенне, нават сподняе.

Галіна Дзербыш перад апошнім пасяджэннем адмовілася раздзявацца, і з яе пачалі сцягваць адзенне сілай, нават парвалі майку — на судзе было відаць на баку дзірку каля 10 сантыметраў.

Дзербыш прасіла суддзю Філатава спыніць гэтыя прыніжальныя раздзяванні, але той адказаў, што гэта не тычыцца справы і трэба звяртацца да кіраўніцтва турмы, паведамляюць праваабаронцы.

Учора таксама стала вядома, што гэтак жа ў судзе здзекаваліся і з Уладзіміра Гундара, які таксама адмовіўся здымаць адзенне. Палітвязня з другой групай інваліднасці ў залу суда зацягнулі ў адных майтках, змясцілі ў клетку ў расцяжцы, а яго рукі прыкулі кайданкамі да кратаў. Уладзімір Гундар абвясціў падчас катаванняў у судзе сухую галадоўку.