Праціўнікаў акумулятарнага завода паклікалі на сустрэчу з уладамі
Сустрэча з прадстаўнікамі ўлады доўжылася ў нядзелю 5 ліпеня амаль дзве гадзіны.
Апоўдні 5 ліпеня на плошчы Леніна ў Брэсце зноў сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. У гэты раз з было каля 150 чалавек, паведаміў «БГ» праваабаронца Раман Кісляк.
Аднак спакойна «пакарміць галубоў» актывістам зноўку не дазволілі. На плошчы былі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія заклікалі «акумулятаршчыкаў» пайсці на сустрэчу з уладамі з нагоды рэферэндуму ў авальную залу Брэсцкага гарвыканкама, і, па словах Рамана Кісляка, літаральна «праводзілі» іх туды, чым вельмі былі абураныя актывісты.
Сустрэча з уладамі доўжылася каля дзвюх гадзін — з 12.30 да 14.30. На ёй уладу прадстаўляў старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Сянчук, яго намеснік Павел Валынец і іншыя прадстаўнікі райвыканкама і райсавета дэпутатаў.
Яны прапанавалі два варыянты правядзення рэферэндуму: на тэрыторыі аднаго сельсавета — Тэльмінскага альбо на тэрыторыі некалькіх, якія знаходзяцца ў раёне завода АКБ. Да кампрамісу па гэтым пытанні улады з актывістамі ў гэтую нядзелю прыйсці не змаглі, таму для прыняцця гэтага рашэння прадстаўнікі райвыканкама прапанавалі сабраць подпісы.
Актывісты прапанавалі ўладам дазволіць агітацыю за і супраць будаўніцтва завода напярэдадні рэферэндуму, а таксама вызначыць месцы для правядзення мітынгаў. Гэтае пытанне прадстаўнікі райвыканкама паабяцалі вырашыць пасля афіцыйнай аб'явы аб правядзенні рэферэндуму.
Акрамя таго, на сустрэчы «акумулятаршчыкі» прасілі вызваліць блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, каб яны маглі асвятляць падрыхтоўку рэферэндуму. Аднак, па словах Рамана Кісляка, улады на гэта нічога не адказалі.
Як раней пісала «БГ», у мінулую нядзелю, 28 чэрвеня, праціўнікі акумулятарнага завода сустракаліся са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі тэхнічныя пытанні, сярод якіх — збор подпісаў, фарміраванне ўчастковых камісій. Кіраўнік горада прапанаваў замест таго, каб абмяркоўваць усе пытанні на плошчы і карміць галубоў, сустрэцца 5 ліпеня і працягнуць абмеркаванне ў канферэнц-зале гарвыканкама.
Дарэчы, апошнія некалькі нядзель супрацоўнікі міліцыі і АМАП не дазволілі актывістам сабрацца на плошчы і пакарміць галубоў у знак пратэсту супраць скандальнага прадпрыемства. Да гэтага часу такія маўклівыя акцыі нязгодных праходзілі на галоўнай плошчы горада штотыдзень з сакавіка 2018 года.
Нагадаем, ідэю правядзення гарадскога рэферэндуму прапанаваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з актывістамі 22 чэрвеня.
«Пасля выбараў. Збяром хлеб, ураджай — і правядзем. Я з задавальненнем запішу сабе некалькі ачкоў, што ўнёс гэтую прапанову на рэферэндум у Брэсце. І як народ вырашыць, так і будзе. Хутчэй за ўсё, калі гаспадары не растлумачаць, што адбываецца там, будуць (жыхары горада) за тое, каб яго кудысьці перанесці. Вельмі цяжка будзе ў кампактнай Беларусі кудысьці перанесці гэты завод. Хутчэй за ўсё, яго трэба будзе закрываць, але, можа, дзесьці знойдзем», — сказаў тады Лукашэнка.
Адзначым, што актывісты ўжо спрабавалі вырашаць лёс завода праз рэферэндум: у снежні 2018 года была створана ініцыятыўная група па яго правядзенню, але Брэсцкі райвыканкам адмовіўся яе рэгістраваць. Мясцовая ўлада палічыла, што жыхары раёна не маюць права ініцыяваць рэферэндум па гэтым пытанні, паколькі будаўніцтва акумулятарнага завода на тэрыторыі Брэсцкага раёна мае важнае і галоўнае значэнне для дзяржавы ў цэлым, а не асобнага раёна.
Актывісты абскардзілі гэтае рашэнне спачатку ў раённым, потым абласным судзе, але беспаспяхова.
b-g.by