Праціўнікі акумулятарнага завода выставяць свайго кандыдата ў дэпутаты
На плошчы Леніна ў Брэсце 1 верасня прыкладна апоўдні ў чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Па дадзеных праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, а 12.40 на плошчы было больш за 150 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала сабраных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра «Беларусь».
Актывіст грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода, блогер, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў паведаміў, што ініцыятыўная група праціўнікаў завода прыняла рашэнне аб яго вылучэнні кандыдатам на будучыя парламенцкія выбары 17 лістапада. «Ініцыятыўная група раілася больш за месяц, і актывісты спыніліся на маёй кандыдатуры, бо ў мяне ёсць вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях», — паведаміў Кабанаў.
Ён мае намер балатавацца ў выбарчай акрузе №1 Брэста. У камандзе з ім будуць актывісты грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзям'ян Лепесевіч і Дзмітрый Бекалюк.
Зараз вядзецца праца над перадвыбарчай праграмай, якая будзе прадстаўлена пазней. Кабанаў запрасіў берасцейцаў ўключацца ў працу ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў. Збор подпісаў будзе праходзіць у форме пікетаў амаль штодня ў некалькіх кропках горада.
Кабанаў запрасіў праціўнікаў завода ўключацца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і станавіцца назіральнікамі на выбарах. «Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода, якая пачалася яшчэ ў студзені 2018 года, паказала, што ёсць шмат праблем, у тым ліку экалагічных, якія трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні, каб законы былі выразныя, зразумелыя і каб іх немагчыма было трактаваць адвольна, хто як захоча», — заявіў Кабанаў. Да прыкладу, паводле яго слоў, фармулёўкі закона практычна пазбаўляюць магчымасці жыхароў рэгіёну правесці мясцовы рэферэндум.
Людзі, якія сабраліся станоўча ўспрынялі ідэю аб вылучэнні Кабанава на парламенцкія выбары.
naviny.by