У Брэсце плануюць правесці 17 мітынгаў супраць акумулятарнага завода

У Брэсцкі райвыканкам пададзеныя заяўкі на правядзенне яшчэ 17 мітынгаў супраць акумулятарнага завода пад Брэстам, паведаміў БелаПАН заяўнік акцый праваабаронца Раман Кісляк.

Фота: brest.greenbelarus.info

Фота: brest.greenbelarus.info

Трынаццаць мітынгаў плануюцца (16—28 верасня) побач з заводам у СЭЗ «Брэст», па два (14 і 15 верасня) на стадыёне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Прыбужжа» ў вёсцы Тэльмы і на пляцоўцы перад Домам культуры ў гэтай вёсцы.
 «На гэты момант на верасень заяўлена 35 мітынгаў супраць акумулятарнага завода. Іх галоўная мэта — патрабаваць канчатковага закрыцця гэтага надзвычай шкоднага для здароўя людзей прадпрыемства», — заявіў праваабаронца.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 220 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг «Брастаўчанкі супраць свінцу», на які прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек. Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце. Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта. 
spring96.org