Прадстаўніка незалежнага прафсаюза РЭП Андрэя Комліка-Ямаціна арыштавалі на 15 сутак

23 красавіка ў 17:30 ён самастойна прыйшоў па позве ў Фрунзенскае РУУС для «прафілактычнай гутаркі». Але там на яго склалі пратакол за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП, перадаюць праваабаронцы.

cadac73e_d83a_4af9_84af_846bd2ac7cf0.jpg

Паводле пратакола, Андрэй «паводзіў сябе з выклікам, гучна крычаў, на заўвагі не рэагаваў, кідаў пісьмовыя прылады на стол».
У якасці сведак выступілі два міліцыянты: «Загор» і «Іванькоў». На судзе Андрэй сказаў, што ўвогуле не збіраўся ўдзельнічаць ні ў якіх масавых мерапрыемствах, а хацеў правесці час са сваім дзіцём.
У выніку суддзя Марыя Ярохіна арыштавала Комліка-Ямаціна па арт. 19.1 КаАП на 15 сутак.
Гэта ўжо не першы арышт Андрэя Комліка-Ямаціна. Ён 15 гадоў працаваў на Мінскім маторным заводзе, але яго звольнілі 28 кастрычніка, пасля таго, як была аб’яўлена агульнанацыянальная забастоўка. 28-га кастрычніка Андрэй прыйшоў на працу, яму паведамілі аб звальненні і адразу ж перадалі ў рукі сілавікам. Далей быў суд, які выпісаў актывісту 15 сутак адміністрацыйнага арышту за вераснёўскі пікет.
Пасля масавых ператрусаў на офісах праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці і на кватэрах кіраўнікоў і актывістаў гэтых арганізацый стала вядома па меншай меры пра аднаго затрыманага. Ім аказаўся Андрэй Комлік-Ямацін, пазней ён быў асуджаны на 25 сутак арышту.    
Апроч таго Андрэй быў фігурантам справы «Белага легіёна».