У Алеся Пушкіна змаглі апісаць маёмасць толькі на 240 рублёў з неабходных 580

Супрацоўнікі аддзелу прымусовага выканання Крупскага раёну апісалі маёмасць у доме палітзняволенага Алеся Пушкіна. А на наступны дзень паведамілі, што дакументы перапішуць і арышт з маёмасці будзе зняты.

0a5e15a3_ac43_4ec3_b139_770434564296_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s_5r9en.jpg


У лютым мастаку Алесю Пушкіну суд у Крупках прысудзіў 580 рублёў штрафу за бел-чырвона-белы сцяг над уласнай хатай у мястэчку Бобр, які суддзя палічыла пікетаваннем. Штраф Алесь Пушкін не паспеў аплаціць. Пра гэта Свабодзе паведаміла яго жонка Яніна.

«Гэты дакумент пра штраф пайшоў на працу Пушкіна ў «Белрэстаўрацыю», Алесь туды аднёс паперы, і бухгалтэрыя павінна была гэтыя грошы заплаціць. Але там ня так хутка гэта робіцца, першы месяц яна не заплаціла, і сышоў тэрмін гэтага штрафу», — кажа Яніна.

19 красавіка прыехалі супрацоўнікі аддзелу прымусовага выканання Крупскага раёну і апісалі маёмасць у доме мастака.

«Але тут маёмасць сціплая, яны назбіралі толькі на 240 рублёў. Апісалі тэлевізар трыццацігадовай даўніны, лядоўню, пральную машыну, гітару, якую мае вучні паднялі са сметніцы, прыляпілі струны і мне падарылі. Хацелі таксама апісаць цымбалы, але я сказала, што дачка вучыцца ў музычнай школе на цымбалах, і яны пакінулі».

Паводле Яніны, пасля затрымання Алеся Пушкіна ёй прыйшло 7 лістоў з аддзелу прымусовага выканання. У першым, які яна атрымала, было патрабаванне аплаціць штраф. Яніна здзіўляецца, што гэтыя лісты дасылалі сям’і, а не адрасату.

«Дасылайце туды, дзе знаходзіцца адрасат, а чаго вы шляце туды, дзе яго няма?, — кажа яна. — Якраз 20 красавіка Пушкіну налічвалі заробак на картку і вось з гэтага заробку штраф аўтаматычна аплаціўся».

На наступны дзень Яніне патэлефанавалі з аддзелу прымусовага выканання Крупскага раёну і паведамілі, што дакументы перапішуць і арышт будзе зняты.

Нагадаем, 30 сакавіка Алесь Пушкін быў затрыманы ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палацу Булгакаў. Цяпер яго ўтрымліваюць у гарадзенскім ізалятары. Цяпер Алесь Пушкін — фігурант крымінальнай справы, якую пачала гарадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варажнечы). Паводле пракуратуры, «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця».

Мастак прызнаны палітвязнем.