Прафкам адмовіўся дапамагаць у захаванні працы

Прафсаюзны камітэт устрымаўся ад рашэння па справе сябра Руху «За Свабоду», якая балатуецца ў парламент, Вольгі Дамаскінай. Яна плануе і далей змагацца за свае правы.

Вольга Дамаскіна

Вольга Дамаскіна



У канцы чэрвеня адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адмовілася працягваць кантракт з актывісткай Руху «За Свабоду» Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданне балатавацца у парламент і лічыць звальненне палітычна матываваным.


13731448_1228023550565982_4737048506054909616_n.jpg?oh=1e42d3ba689e83c14ac2bf5b8a911e0f&oe=5827DA1A

«Я спадзявалася, што са мной працягнуць кантракт. Мае калегі мяне запытвалі: няўжо я не буду бароцца за сваё права на працу? І шкадавалі, што са мной трэба развітвацца. Я звярнулася да старшыні прафсаюзнай арганізацыі нашай пярвічкі Яўгена Грыба, каб яны забяспечылі мне прадстаўленне маіх інтарэсаў перад наймальнікам», — распавяла Вольга Дамаскіна сайту Pyx.by.


Па яе словах, яна ўваходзіць у прафсаюз Беларускай федэрацыі прафсаюзаў работнікаў культуры ад пачатку працы. У заяўцы да старшыні пярвічнай арганізацыі прафсаюзу была прапанова, каб ён «накіраваў да наймальніка Тамары Джумантаевай заяву па абароне маіх працоўных правоў», а таксама абгрунтаванні працягвання кантракту яшчэ на тры гады. «Праект заявы быў падрыхтаваны мною разам з полацкімі праваабаронцамі», — адзначыла Вольга Дамаскіна.

13669842_1228023047232699_6092270105280383129_n.jpg?oh=ff7c755dc6e4f86ebc4faf491783612d&oe=57EA99EA

Яўген Грыб

 

Самастойна старшыня прафкаму прыняць рашэнне не здолеў і склікаў на 21 ліпеня прафкам. «Як і чакалася, прафкам „устрымаўся“ ад прыняцця рашэння па звароту да наймальніка, — сказала актывістка Руху і дадала. — Прафкам — гэта перш за ўсё людзі. І калі людзі баязлівыя, баязлівы і прафкам. У тых арганізацыях, дзе людзі смелыя, то і прафкам смелы».

 

Сваім прыкладам, дадала яна, яна хацела «даць усё ж зразумець прафсаюзу, што першасныя функцыі гэтай арганізацыі — гэта не арганізацыя навагодніх карпаратываў і закупка падарункаў на 8 сакавіка і 23 лютага, а абарона прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза».

 

«Калі людзі будуць адстойваць свае інтарэсы, то можа і зменіцца сітуацыя не толькі ў нейкім маленькім калектыве, але і па ўсёй краіне. Шкада, што гэта прыходзіцца паказваць на сваім прыкладзе», — адзначыла сябра Руху «За Свабоду».

 

Далей Вольга Дамаскіна плануе звярнуцца ў Віцебскую абласную прафсаюзную арганізацыю работнікаў культуры. «Я разумею, што ўсё гэта бессэнсоўна, але ў мяне ёсць права, якім я хачу скарыстацца», — адзначыла яна.

 

«Няхай прафсаюзы хоць некалі па-сапраўднаму папрацуюць. Яны павінны ведаць, што абарона сяброў прафсаюза, у тым ліку і ў судзе — найважнейшая функцыя прафсаюза, а не размеркаванне таго, што ім не належыць. Лепш зрабіць і памыліцца, чым не зрабіць і потым шкадаваць аб тым, што не зрабіў. Вельмі не хацелася, каб справа даходзіла да суда», — заключыла Дамаскіна.

 

Вольга Быкоўская, Pyx.by