З актывісткай Руху «За Свабоду» з Полацку праз выбары не працягнулі кантракт

Адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адмовілася працягваць кантракт з актывісткай Руху «За Свабоду» Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданне балатавацца у парламент і лічыць звальненне палітычна матываваным.

dsc04082.jpg

 

Вольга працуе ужо 16 гадоў у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музее-запаведніку. З 2012 года загадчыцай музея традыцыйнага ткацтва Паазер'я. У 2016 гаду атрымала другую адукацыю у Інстытуце культуры Беларусі па кваліфікацыі «Музеязнауца».

 

«3 чэрвеня, я пайшла да дырэктара, каб даведацца, ці працягнуць са мной кантракт, які ў мяне да 31 ліпеня. Тым больш, апошнім часам мяне вельмі часта папярэджвалі пра тое, што ў мяне заканчваецца кантракт (як на словах, так і дзеяннямі: са мной перасталі раіцца па працоўных пытаннях, якія я, як загадчыца музея непасрэдна павінна была вырашаць). Калі я пачала размову пра працягненне кантракта, дырэктар мне сказала, што пакуль не вырашыла, будзе думаць да 30 чэрвеня, я ёй распавяла, што буду удзельнічаць у парламенцкіх выбарах», — расказала сайту Pyx.by Вольга Дамаскіна.

 

Па яе словах, дырэктарка у размове адзначыла, што Вольга «даўно перарасла гэты музейны узровень, трэба ісці вышэй, і вельмі добра, каб у парламенце быў бы хоць адзін чалавек, які ведае музейную справу».

 

«Рассталіся мы на тым, што яна будзе думаць. Але я ж працую у жаночым калектыве, і мне мае калегі амаль што адразу расказалі, што, калі я сышла — кіраўніцтва агучыла, што працягваць кантракт са мной не будзе. І цяпер у калектывах іншых музеяў ужо пачалі хадзіць нейкія размовы і ўжо іншым людзям прапануюць мае месца», — падкрэсліла актывістка Руху «За Свабоду».

 

Дамаскіна падкрэсліла, што дырэктара запаведніка яна паважае і заўсёды паважала за яе погляды, за тое што яна вельмі шчыра адстойвала інтарэсы горада, запаведніка, за яе адданасць працы, прафесіяналізм у музейнай справе, а таксама не ціснула на яе, з за палітычных поглядаў.

 

Па правілах запаведніка, паведамленне аб спыненні кантракта выдаюць за 1,5 месяцы, але ў калектыўнай дамове прапісана, што не пазней за месяц, патлумачыла яна.

 

«Я люблю сваю працу, свой музей і хачу працаваць далей. А мой удзел у парламенцкіх выбарах даў бы магчымасць публічна агучыць не толькі праблемы краіны, горада, але і музейнай справы, культуры. Сёння трэба перастаць бачыць музеі проста як месца, дзе захоўваюцца экспанаты, трэба, каб яны былі цэнтрамі культуры, якія генеруюць культурныя ініцыятывы, заклікаюць людзей да дыялогу і такім чынам не толькі выхоўваюць нацыянальна свядомага чалавека, але і ўплываюць на развіццё культурнага асяроддзя рэгіёну», — заключыла Вольга Дамаскіна.

 

Яна падкрэсліла, што пайшла атрымліваць другую адукацыю менавіта, каб працаваць у музеі, і спецыялістаў з гэтай адукацыяй амаль няма у полацкім запаведніку.

 

«Навошта не працягваць кантракт, калі запаведнік аплочваў мае навучанне? І тое, што кантракт пагражаюць не працягнуць, я звязваю толькі з тым, што вырашыла удзельнічаць у выбарах», — заключыла актывістка Руху.

 

pyx.by