Пракапеня выказаўся аб канфлікце ў Курапатах

Беларускі IT-прадпрымальнік і найбуйнейшы беларускі падаткаплатнік Віктар Пракапеня заклікаў байкатаваць усе рэстараны, якія належаць уладальнікам «Поедем поедим» у Курапатах, паведамляе Радыё Свабода.

prakepenya_kurpaty.jpg


"Рэстаран ў Курапатах павінен быць зачынены, прычым не дзяржавай, а ўладальнікамі бізнэсу. Пакуль гэта ня зроблена, прапаную ўсім сацыяльна адказным беларусам байкатаваць рэстараны групы: The View, "Гранд Кушавэль" і, вядома, рэстаран "на касцях". — кажа Віктар Пракапеня.
"Адна з самых вялікіх праблем развіцця эканомікі Беларусі — гэта адсутнасьць дыялёгу паміж бізнэсам і ўладай. Шмат у чым гэта вынік таго, што ўлада лічыць, што ўсе бізнэсоўцы — на іх слэнгу "коммерсы" — сацыяльна безадказныя людзі, зацікаўленыя толькі ў атрыманні прыбытку. Гэта не так. У нас шмат бізнэсоўцаў, якія любяць краіну і выдатна разумеюць, што грошы гэта нішто ў параўнанні з дабрабытам нашага вялікага дома, які называецца Рэспубліка Беларусь.
Тым не менш, ёсць на рэдкасць амаральныя і безадказныя людзі, якія дазваляюць сабе такія выхадкі, як будаўніцтва рэстарана "на касцях". Нашаму грамадству як ніколі важна рухацца ў зваротным кірунку і павялічваць давер паміж уладай і бізнесам — ствараючы больш гісторый глыбокай сацыяльнай адказнасці бізнэсу. Вялікія грошы — гэта ня толькі вялікія магчымасьці, але і вялікая адказнасць».
Даведка НЧ: Віктар Пракапеня — IT-прадпрымальнік і інвэстар. У 2017 годзе заняў 23-ю пазыцыю ў топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі. Уладальнік інвэстыцыйнага фонду VP Capital. Адзін з удзельнікаў распрацоўцы дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Быў затрыманы ў сакавіку 2015 па абвінавачванні ў "атрыманні даходу ад незаконнай дзейнасці" і вызвалены ў снежні таго ж году ў сувязі з "пакрыццём шкоды". У лютым 2016 крымінальная справа супраць яго была закрытая. Жыве ў Лондане.