Пракуратура накіравала ў суд ужо больш за 100 крымінальных спраў па масавых беспарадках

У Генеральнай пракуратуры распавялі пра накіраваныя ў суд крымінальныя справы, звязаныя з масавымі беспарадкамі. Відэакаментарый апублікаваны ў тэлеграм-канале ведамства.

Фота Вадзіма Заміроўскага

Фота Вадзіма Заміроўскага

— На сённяшні дзень органы пракуратуры накіравалі ў суды больш за 100 крымінальных спраў, звязаных з масавымі беспарадкамі, удзелам грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гаворка ідзе перш за ўсё аб такіх складах [злачынства] як гвалт; пагроза яго прымянення ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў; супраціў міліцыі ці іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку; хуліганства; незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паразнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў і іншых складаў.
Прадстаўнік Генпракуратуры адзначыў, што па 16 крымінальных справах суды ўжо вынеслі прысуды, звязаныя з пазбаўленнем ці абмежаваньнем волі, а таксама буйныя штрафы.
У тых выпадках, калі дзяржаўнай маёмасці быў нанесены ўрон, пракуроры заявілі ў суды пазовы аб яго кампенсацыі. «І ў большасці выпадкаў шкода была кампенсаваная добраахвотна яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання», — дадалі ў ведамстве.
На жаль, у Генпракуратуры не распавялі пра лёс пададзеных заяў аб прыцягненні сілавікоў да адказнасці за гвалт, а таксама аб рабоце міжведамаснай камісіі, створанай пад эгідай Генпракуратуры, якая павінна была разабрацца ў сітуацыі, што склалася.
Нагадаем, з заявамі аб прыцягненні да адказнасці сілавікоў за гвалт звярнулася каля 1800 чалавек. У бліжэйшыя дні мінае трохмесячны тэрмін даследчай праверкі па заявах пра гвалт з боку сілавікоў. Некаторыя ўжо пачалі атрымліваць адмовы аб узбуджэнні крымінальнай справы.
tut.by