Прапанова аб выкананні сімфоніі «Курапаты» будзе разгледжана

Прапанова грамадскасці аб выкананні восенню 2018 года сімфоніі №4 «Курапаты» заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма Цесакова будзе разгледжана.

kurapaty_cesakou_mk_adkaz_logo.jpg


Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства культуры на ліст актывістаў грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” да міністра культуры Юрыя Бондара з прапановай ўключыць выкананне музычнага твору Кіма Цесакова ў план канцэртнай дзейнасці Белдзяржфілармоніі на кастрычнік-лістапад наступнага году. 

Аўтары лісту, між іншым нагадалі, што ў 2018 годзе беларуская грамадскасць адзначыць 30-я ўгодкі адкрыцця Курапатаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, як помнік гісторыі і археалогіі міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты”.

Сярод мерапрыемстваў, якія мяркуе зладзіць ініцыятыва да 30-годдзя адкрыцця Курапатаў, што сталі сімвалам нацыянальнай трагедыі беларусаў у гады сталінізму, пералічваюцца вандроўкі па гарадах Беларусі дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, выданне зборніку матэрыялаў круглых сталоў па праблемах мемарыялізацыі, выхаваўчага патэнцыялу і экалагічнаму стану Курапатаў, правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах выхавання культуры памяці, падвядзенне вынікаў II этапу Міжнароднага адкрытага грамадскага творчага конкурсу “Курапаты – народны мемарыял” пад дэвізам “Праз Курапаты – да пакаяння”, а таксама выкананне Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь сімфоніі №4 “Курапаты”.

Для ўдзелу ў сустрэчы з шаноўным Кімам Дзмітрыевічам Цесаковым мяркуецца запрасіць выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, журналістаў і дыпламатаў, у тым ліку прадстаўнікоў амбасадаў Еўразвязу, ЗША, Ізраіля і Украіны.

У сваім адказе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга паведаміла, што сімфонія №4 “Курапаты” Кіма Цесакова ёсць у рэпертуары Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь і заслужанага калектыву краіны “Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы”. Апошняе выкананне твору адбылося ў Белдзяржфілармоніі ў сакавіку 2016 году з нагоды 80-годдзя кампазітара.

Пры разглядзе прапановы грамадскасці будуць улічаныя творчыя планы сімфанічнага аркестру і харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, зазначыла спадарыня Ірына Дрыга.

Нагадаем, што выбітны беларускі кампазітар, вучань Дзмітрыя Шастаковіча Кім Цесакоў – аўтар адзінага твору айчыннай класічнай музыкі, прысвечанага Курапатам і завершанага 8 лютага 1990 году. Твор з поспехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу замежны краінаў. Вядомы дырыжор, народны артыст СССР Яўген Святланаў назваў музыкай сусветнага ўзроўню сімфонію №4 “Курапаты” Кіма Цесакова.