«Прасцей адкрыць ІП у Расіі ці Украіне». Што будзе з малым бізнэсам, калі падаткі павысяць па прапанове КДК
КДК прапануе такія змены ў падаткаабкладанне ІП, што лёс малога бізнэсу выглядае бязрадасна. У сеціва трапілі прапановы Камітэта дзяржкантролю па «удасканальванні сістэмы падаткаабкладання ІП».
Так, КДК прапануе, піша «Наша Ніва»:
— Адмяніць адзіны падатак і замяніць яго спрошчанай сістэмай
падаткаабкладання;
— Павысіць падаткі для ІП да 16% на юрыдычныя,
бухгалтарскія, маркетынгавыя, кансультацыйныя, аўдытарскія «і іншыя» паслугі;
— Увесці 13% плату за зняцце гатоўкі звыш за тры тысячы
рублёў у месяц (або звыш трох сярэдніх заробкаў па краіне);
— Узмацніць крымінальную адказнасць за падатковыя парушэнні;
— Павысіць адлічэнні ў ФСАН;
— Забараніць наяўныя плацяжы праз увядзенне дадатковых
камісій за разлікова-касавае абслугоўванне.
Гэтыя прапановы пабачылі свет пасля абурэння Лукашэнкам
ІПшнікамі і бізнэсам на «Усебеларускім народным сходзе».
КДК кіруецца думкай, што большасць ІПшнікаў нібыта ў поўнай
меры не нясуць «сацыяльных абавязкаў» перад дзяржавай, бо іх падатковы ўдзел
мінімальны.
Пры гэтым, у існым законе ясна прапісана, што карыстацца
спрошчанай сістэмай падаткаабкладання (а цяпер гэта 3% ці 5% ад супольнай
выручкі ў залежнасці ад віду дзейнасці) можна толькі да дасягнення пэўнага
памеру абаротаў, пасля якіх падаткаабкладанне павялічваецца.
КДК не прапануе знізіць гэты бар'ер, а прапануе адразу
падняць падаткі для ўсіх, што ясна ўказвае на сапраўдныя прычыны і матывацыю
новаўвядзенняў.
Кантралёры лічаць, што існая сістэма, нечакана, «дазваляе
суб'ектам гаспадарання хутка ўзбагачацца за кошт плацяжоў насельніцтва і пры
гэтым мець мінімальныя падатковыя абавязкі перад дзяржавай».
Месцамі КДК прамым тэкстам піша, што малы бізнэс у краіне
варта знішчыць:
«Часткова [захады] дазволяць знізіць прывабнасць для ІП
гэтых відаў дзейнасці і будуць спрыяць іх працаўладкаванню на штатную пасаду з
выплатай ФСАН, а таксама зменшыць выгаду для суб'ектаў гаспадарання пры
заключэнні разавых дамоваў для вываду сродкаў», — гаворыцца ў лісце з
прапановамі.
Пакуль незразумела, як на прапановы рэагуе шырокая
супольнасць індывідуальных прадпрымальнікаў.
Адзін з ІПшнікаў сказаў літаральна наступнае. «Я супрацоўнічаю з ІТ-кампаніяй, якая мае юрыдычныя асобы па ўсім СНД. Плаціць 16% падатковай я не буду, мне прасцей адкрыць аналаг ІП у Расіі ці Украіне, і весці дзелавыя адносіны паміж замежнымі юрыдычнымі асобамі. У выніку, дзяржава не атрымае больш, яна не атрымае і таго, што мела ад маёй дзейнасці раней», — сказаў прадпрымальнік.