Праваабаронцы: 6 снежня ў Беларусі затрымана больш за 300 чалавек
Паводле звестак пазбаўленага акрэдытацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», на 22:10 у Беларусі затрымана 310 чалавек. Большасць затрыманняў прайшло ў Мінску, дзе сёння адбыўся Марш волі. Людзей затрымлівалі таксама ў Брэсце, Гродне, Віцебску, Лагойску, Смалявічах, Хацежына.

Асноўная частка затрыманых знаходзіцца ў сталічных РУУС, аб двух паведамляецца, што яны на Акрэсціна. У спісе значацца двое непаўналетніх, перадае REFORM.by.
У Гродне сёння былі затрыманыя журналісты БелаПАН Марына Харэвіч і Сяргей Людкевич, у Мінску — журналістка агенцтва «Інтэрфакс-Захад». Усіх пасля адпусцілі без складання пратаколаў.
Таксама ў Менску былі затрыманыя акцёр Беларускага Свабоднага Аляксей Сапрыкін, музыка і паэт Уладзімір Лянкевіч, дырэктар трэнінгавага цэнтра «Квадратны апельсін» Васіль Пронь, перкусіяніст гурта Botanic Project Мікіта Кузьмін, 79-гадовая маці журналісткі Радыё Свабода Ганны Соўсь Ларыса Соўсь.
У Брэсце затрымалі грамадскага дзеяча Віталя Казака пасля таго, як ён правёў паніхіду па актывісту Раману Рашэцкаму, памерламу 4 снежня. Яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і адвезлі ў РАУС.
У двары Савецкага РУУС Мінска затрыманых зноў ставілі тварам да сцяны.
Міліцыя Мінска паведамляе пра больш за 300 затрыманых.