Праваабаронцы: паборы і дзедаўшчына ў арміі — усё яшчэ сістэма


РГА «Прававая ініцыятыва» апублікавала дадзеныя маніторынгу парушэнняў правоў чалавека ў беларускай арміі, які правяла пасля рэзананснай справы радавога Коржыча, знойдзенага павешаным у адной з вайсковых частак у кастрычніку 2017 года.

army_3.jpg

Арганізацыя размясціла ў сацыяльных сетках і на тэматычных інтэрнэт-рэсурсах электронныя анкеты, якія за тры месяцы запоўнілі 178 чалавек. Большасць рэспандэнтаў праходзіла службу ў арміі з 2008 па 2017гг., але адказвалі і тыя, хто служыў у 1998–2007 гг., у 1997 годзе і раней.

10 вынікаў маніторынгу

  1. 45% рэспандэнтаў сутыкаліся з выпадкамі фізічнага ціску, катаванняў, збівання, гвалту.
  2. 56% сутыкаліся з псіхалагічным ціскам, прыніжэннем годнасці.
  3. 72,5% сутыкаліся з рытуаламі пасвячэння ў рангі нефармальнай салдацкай іерархіі: дух/чарпак/дзед/дэмбель.
  4. 22,5% адзначылі, што гэтыя рытуалы былі звязаныя з рэальным гвалтам, 47% сказалі, што яны хутчэй даніна традыцыі і праводзіліся ў жартоўнай форме, без гвалту і знявагі.
  5. 44% сутыкаліся з грашовым вымаганнем, у асноўным з боку радавых ранніх прызываў, сяржантаў з ліку вайскоўцаў тэрміновай службы і прапаршчыкаў.
  6. 26,3% сутыкаліся з тым, што трэба было плаціць грошы нават за задавальненне базавых патрэбаў: за магчымасць спаць падчас адбою, нармальна харчавацца, мець уласныя рэчы і інш.
  7. 52,3% адзначылі, што афіцэры спынялі нестатутныя адносіны, калі іх выкрывалі, 28,4% — што афіцэры не заўважалі «дзедаўшчыны».
  8. 44,5% не атрымалі падчас службы ў арміі навыкаў, ведаў, вопыту, якія дапамаглі ім у жыцці пасля дэмабілізацыі.
  9. Вайскоўцы па кантракце радзей ўжываюць нестатутныя адносіны і вымагальніцтва на службе.
  10. Псіхалагічны і фізічны ціск, практыка грашовых або таварных вымаганняў — не адзінкавыя, а ўяўляюць сабой існуючыя на працягу шмат гадоў, распаўсюджаныя паўсюдна нестатутныя адносіны.

Па выніках маніторынгу праваабаронцы накіравалі рэкамендацыі Міністэрству абароны, а таксама далі некалькі парадаў родным і блізкім салдат: пастаянна знаходзіцца з імі на сувязі, загадзя дамовіцца аб сакрэтным слове або фразе, якія б казалі пра пагрозлівую сітуацыю, адразу ж паведамляць аб гэтым у Міністэрства абароны і пракуратуру.
Поўную справаздачу маніторынгу можна знайсці на сайце «Прававой ініцыятывы».
Паводле budzma.by