Праз будаўніцтва “Мінск-Міра” з цэнтра адселяць 500 чалавек

З-за будоўлі на месцы аэрапорта “Мінск 1” улады сталіцы збіраюцца знесці 70 жылых дамоў.



minsk_mir.jpg

Зносіць жылыя дамы на месцы будаўніцтва комплекса “Мінск-Мір” улады сталіцы хочуць пачаць ужо ў гэтым годзе. За год мінскае кіраўніцтва хоча знесці 70 дамоў, дзе жыве паўтысячы чалавек. Пра гэта паведамілі ў камітэце будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама ў адказ на запыт Еўрарадыё.

Куды ж адселяць людзей, улады горада не паведамляюць. У камітэце адзначаюць толькі, што людзей са знесеных дамоў пакінуць у межах Мінска.

Камітэт будаўніцтва і інвестыцый: “Уладальнікі кватэр і дамоў, якія належаць зносу, будуць забяспечаны жыллём з маючага камунальнага фонду жылых памяшканняў на тэрыторыі Мінска”.

Як раней паведамляла Еўрарадыё, будаваць “Мінск-Мір” збіраюцца сербскія інвестары “Дана-Астра”. Кошт праекта 3,5 мільярда долараў. Першапачаткова, чыноўнікі паведамлялі, што з раёна аэрапорта “Мінск-1” могуць адсяліць да 15, 5 тысячы чалавек.

Пад забудову трапляе плошча ў межах вуліц Вірская, Кіжаватава, Аэрадромная, Брылеўская, 3-е гарадское кальцо (карта).  Забудоўшчыкі таксама мусяць узвесці школу на 920 месцаў і дзіцячы садок на 230 месцаў, што вынікае з Указа прэзідэнта, які падпісаны летась у верасні.

“Мінск-Мір”: з цэнтра Мінска пераселяць 15,5 тысяч чалавек (карта)


euroradio.by