Праз месяц з Мінска ў Смалявічы пусцяць цягнікі гарадскіх ліній
Электрацягнікі гарадскіх ліній злучаць Мінск з горадам-спадарожнікам Смалявічы ў лістападзе бягучага года, паведамляе прэс-служба Беларускай чыгункі.
Беларуская чыгунка працягвае работы па рамонце чыгуначнай інфраструктуры на ўчастку Мінск – Смалявічы. З пачатку бягучага года абноўлена 25 км пуці,
адрамантавана чатыры пераезды. Вядуцца работы па рэканструкцыі пасадачных платформ, пешаходных пераходаў, запланавана замена агароджы і апор асвятлення. Прадугледжана ўстаноўка новых элементаў
візуальна-адраснага інфармавання і аўтаматычных сістэм паведамлення пра цягнік, што набліжаецца.
Цяпер завершаны рамонт пасажырскіх платформ на прыпыначным пункце Трактарны, вядуцца работы на прыпыначным пункце Дамашаны, станцыях Сцяпянка, Азярышча. У бліжэйшы час Беларуская чыгунка плануе завяршыць электрыфікацыю прыёма-адпраўнога пуці нумар 12 станцыі Смалявічы.
Рух цягнікоў гарадскіх ліній па маршруце Мінск-Пасажырскі – Смалявічы будзе ажыццяўляцца з прыпынкамі на станцыі Мінск-Усходні, прыпыначным пункце Трактарны, станцыях Сцяпянка, Азярышча, Калодзішчы, Гарадзішча.
У 2011 годзе БЧ адкрыла рэгулярны рух электрапаяздоў гарадскіх ліній па маршруце Мінск-Пасажырскі – Ждановічы – Беларусь (Заслаўе). У 2013 годзе гарадскія паязды звязалі сталіцу з яшчэ адным горадам-спадарожнікам — Рудзенскам. З моманту адкрыцця рэгулярнага руху паяздамі гарадскіх ліній перавезена больш як 8,6 млн пасажыраў.