Прыпыненая будоўля «Газпрам-цэнтра» ў Мінску. Італьянскі забудоўшчык разбірае краны і сыходзіць

Драматычнае ўзвядзенне «Газпрам-цэнтра» ў Мінску, якім займаецца «Газпрам Трансгаз Беларусь», ужо згадвалася ў медыя. Будоўля пачалася ў 2013 годзе на месцы спецыяльна знесенага для гэтага аўтавакзала «Маскоўскі». Чакалася, што ўжо ў 2020-м «Газпрам-цэнтр» стане самым высокім з функцыянуючых будынкаў сталіцы, але рэальныя вынікі 7 год работы абмежаваныя фундаментам і невялікім каркасам пары ніжніх паверхаў, піша «Наша Ніва».

img_5152_5kw6l.jpg

Выглядае, што на дадзены момант будоўля ўвогуле спыненая. Як стала вядома, з будоўлі са скандалам сыходзіць генеральны падрадчык, італьянская фірма Codest.

 Ужо візуальна бачна, як забудоўшчык згортвае дзейнасць: будаўнічых кранаў засталося ўсяго два, і іх чакае лёс іншых — забудоўшчык разбірае іх і звозіць, бо плаціць за арэнду такой дарагой тэхнікі няма сэнсу, калі нічога не робіцца.

img_5156_u50c4.jpg

Рабочых на ўзвядзенні комплексу не відаць. Персанал італьянцы пераводзяць на аб'екты кампаніі ў Расіі і на будоўлю на вуліцы Янкі Купалы, дзе на месцы былой ВДНГ узводзіцца гатэль.

Ясна таксама, што і паміж іншымі выканаўцамі, замоўцамі і кантралёрамі назбіраліся крытычныя непаразуменні: вядома аб непрацягненні кантракта з інжынернай кампаніяй, аб пэўных супярэчнасцях з праектным інстытутам.

Атрымаць аператыўны каментар ад прэс-сакратара «Газпрам Трансгаз Беларусь» не ўдалося, таму што, як патлумачылі ў офісе, ён працуе дыстанцыйна, а на сайце пры гэтым указаны гарадскі офісны тэлефон.