Прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» мала што зменіць — палітолаг

Ціск на журналістаў адбываўся і без прызнання БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем». Генеральная лінія ўладаў — пазначыць увесь інфармацыйны і праваабарончы сектар «экстрэмістамі», лічыць Андрэй Казакевіч.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__5__logo_1.jpg


Сёння стала вядома, што 28 лютага КДБ прыняў рашэнне прызнаць Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Палітолаг Андрэй Казакевіч лічыць, што гэта працяг лініі, якую беларускія ўлады ўзялі ў дачыненні да беларускай грамадзянскай супольнасці, не падкантрольнай дзяржаве.

Па вялікім рахунку, усе больш-менш прыкметныя грамадскія структуры, якія неяк звязаныя з адстойваннем правоў, пытаннямі інфармацыі, так ці інакш цяпер знаходзяцца ў зоне рызыкі быць адзначанымі ў якасці такіх «экстрэмісцкіх фарміраванняў», — адзначае Казакевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Мы ведаем, што такім чынам прызнаюцца і медыя, і розныя інфармацыйныя рэсурсы.

Гэта лагічны працяг гэтай палітыкі ўладаў, дадае эксперт. Казакевіч лічыць, што такая практыка, магчыма, будзе прымяняцца беларускімі ўладамі і далей.

Генеральная лінія беларускіх уладаў палягае ў тым, каб увесь гэты сектар пазначыць у якасці «экстрэмістаў» і пакінуць магчымасць для легальнай дзейнасці ў Беларусі выключна для так званых GONGO — арганізацый, якія непасрэдна залежаць ад улады, з'яўляюцца лаяльнымі да ўлады або падтрымліваюць існы канстытуцыйны лад.

Значны эфект ад прызнання арганізацый «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», як адзначае палітолаг, быў больш прыкметны ў 2021 годзе. Сёння ж людзі ў Беларусі дзеляцца на тых, хто ў прынцыпе баіцца сачыць за любой ініцыятывай ці чытаць навіны ў медыя, якія ніяк не звязаныя з дзяржавай, і імкнуцца цурацца гэтага. Іншыя ж прымаюць усе рызыкі і не звяртаюць на такія забароны ніякай увагі.

Таму тых, хто рэагуе на такія новыя рашэнні, няшмат. У цэлым, мне здаецца, што гэта больш палітычнае рашэнне, чым юрыдычнае. Ціск на журналістаў, у тым ліку сябраў БАЖ, адбываўся і без прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем». У Беларусі зусім не патрэбныя нейкія прававыя падставы, каб прыцягнуць чалавека да нейкай адказнасці.

Не думаю, што гэты статус неяк павышае рызыкі для чальцоў Асацыяцыі журналістаў. Хоць, вядома, калі мы гаворым пра кіраўніцтва арганізацыі, то ім лепш не наведваць Беларусь, хоць і без гэтага рашэння ў іх маглі б быць тыя ж самыя праблемы, проста пад гэта падагналі б іншую юрыдычную базу, — лічыць Казакевіч.