Пылавое пекла: дарогу пасыпалі шлакам, людзі год дыхаюць забруджаным паветрам (відэа)

Пыл, які не дае спакою ні на дварэ, ні ў хаце. Ад яго ўжо год як пакутуюць жыхары вуліцы Партызанаў у Жлобіне.  

Летась камунальнае прадпрыемства «Уніком» праклала тут ліўневую каналізацыю, чым моцна сапсавала жвіроўвую дарогу ля жылых дамоў.

«У мінулым годзе яны перакапалі ўсё, паднялі гліну на верх, потым людзі пачалі скардзіцца, і яны засыпалі гэтай гадасцю з заводу», — распавядае мясцовы жыхар Мікалай Мазанік.


«Гадасць» — гэта адкіды Беларускага металургічнага заводу. На выгляд — маленькія каменьчыкі, падобныя да галькі, але ў адрозненне ад яе — штучныя і шкодныя для здароўя.


І такі пласт пылу — дэманструюць мясцовыя жыхары — утвараецца літаральна за дзень.


Тая ж праблема — і на суседняй вуліцы Воўкава. Тут таксама — шчыльна зачыненыя вокны нават у летнюю спёку. Што праўда, адкіды вапнавай вытворчасці тут з’явіліся яшчэ 20 гадоў таму.

«Пасыпку зрабілі з БМЗ-мкага шлаку, а ён, дарэчы, вельмі радыеактыўны. Плюс пастаянна пыл. «Уніком» спрабуе тут паліваць вадою, але гэта літаральна на гадзіну», — кажа жыхар вуліцы Воўкава Генадзь Бобрыкаў.

Найбольш жыхароў вуліцаў са шкоднымі адкідамі непакояцца пра дзяцей, якія ўлетку выходзяць гуляць на двор і дыхаюць небяспечным рэчывам.


На ўсе скаргі жыхароў чыноўнікі адказваюць проста: няма грошай. Адзіны высілак — паліванне дарог вадою, але і гэта — час ад часу. Плёну не прынесла і скарга да мясцовага дэпутата.


«Калі просяць, галасуйце за іх — абяцаюць залатыя горы. А як схопяцца за гэтае крэсла дэпутацкае, абяцанні забытыя і нічога не трэба», — кажа Віктар Стрыгалёў, мясцовы жыхар.


Замест жа залатых гораў гэтыя жлобінцы атрымалі шкодныя рэчывы проста ля хатаў.


Вольга Жарнасек, «Белсат»