Расійскае МЗС пракаментавала справы Сапега і Дуднікава
Амбасада Расіі ў Мінску знаходзіцца на сувязі са сваякамі і адвакатамі затрыманай грамадзянкі РФ Соф'і Сапега. Консульскія супрацоўнікі плануюць хуткім часам наведаць Ягора Дуднікава, сказалі ў расійскім МЗС.

«Незалежна ад грамадскага рэзанансу трымаем на сталым кантролі справы ўсіх расіян, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку ў Беларусі, у прыватнасці Сапега і Дуднікава», — сказаў у гутарцы з ТАСС намеснік кіраўніка расійскага МЗС Андрэй Рудэнка, перадае Еўрарадыё.
У сярэдзіне снежня консульскія супрацоўнікі ў дзявяты раз наведалі Соф'ю Сапега, якая, па яе словах, усё яшчэ знаходзіцца пад хатнім арыштам.
«Скаргаў на здароўе і ўмовы ўтрымання не выказвала. Пра далейшую лінію абароны яе правоў можна будзе казаць толькі пасля вынясенні выраку суда», — сказаў Рудэнка.
Як ён кажа, амбасада таксама сочыць за лёсам Дуднікава. Некалькі разоў з ім сустракаліся консульскія супрацоўнікі. Апроч таго, амбасада дапамагла «ў атрыманні яго адвакатамі фінансавання па лініі Фонду падтрымкі і абароны праў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой».
Аднак быць на пасяджэннях суда консульскія супрацоўнікі не маглі, бо справа разглядалася ў закрытым фармаце. Рудэнка абяцае, што хоць прысуд Дуднікаву ўжо быў вынесены, дыпмісія працягне працу па абароне яго правоў і хуткім часам консульскія супрацоўнікі сустрэнуцца з ім, а таксама з яго адвакатам.