Пасольства Расіі трымае на кантролі сітуацыю з Ягорам Дуднікавым

Пасольства Расіі ў Беларусі трымае на кантролі сітуацыю з грамадзянінам Расіі Ягорам Дуднікавым, прысуджаным да 11 гадоў пазбаўлення волі. Дыпмісія знаходзіцца ў кантакце з ягоным адвакатам і сям'ёй.

egor_908_2_1.jpg


«У выпадку парушэння яго працэсуальных правоў пасольствам будуць прынятыя неабходныя меры ў рамках наяўных паўнамоцтваў», — сказала сёння афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава, перадае REFORM.by.

Нагадаем, Дуднікава абвінавацілі ў закліках да дзеянняў, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК) і распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК). Згодна з матэрыяламі справы, з 19 студзеня па 21 траўня гэтага года ён размясціў у адным з чатаў 55 агучаных ім галасавых паведамленняў «пабуджальнага характару з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве».

Суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Хрыпач па прапанове пракуроркі Жанны Баранавай вынес Дуднікаву амаль максімальна магчымае пакаранне — 11 гадоў зняволення. Сам працэс над грамадзянінам Расіі праходзіў у закрытым рэжыме.