Расійскі палітолаг: Улада Лукашэнкі трымаецца выключна на знешняй падтрымцы

У Аляксандра Лукашэнкі праблемы з легітымнасцю — гучаць каментары як з Расіі, так і з Беларусі. Атака на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якая назіраецца на тыдні у адрас партала tut.by — толькі адна са спроб умацаваць сваю ўладу, якая трымаецца толькі на сілавіках, паведамляе «Радыё Рацыя».

vas_vot_marsh_oct25_20201025_027_logo.jpg

Выказалася ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» папулярны расійскі палітолаг Кацярына Шульман:

— Трымаецца ўлада толькі выключна на знешняй падтрымцы. Калі б гэтага не было, то ўжо пачынаючы з канца жніўня была б у Беларусі іншая ўлада. Зразумела, абсалютнае знікненне апошніх слядоў легітымнасці прымушае, па-першае, трымацца на знешнім уплыве, на вялікім усходнім суседзе. А, па-другое, на ўласным сілавым рэсурсе.

Больш за тое, як дадае Валерый Кавалеўскі, кіраўнік офіса Святланы Ціханоўскай — сёння нелегітымны Лукашэнка не можа прасоўваць пытанні на парадак дня.

 У Еўропе афіцыйны кіраўнік — нерукапажатны, яму нават з Расіяй цяжка весці дыялог на роўных.

Заўважае Валерый Кавалеўскі:

— Ён нават з Расіяй не можа падпісаць нейкія інтэграцыйныя паперы. Тое, што яны зараз імітуюць гэты працэс, яшчэ не азначае, што дойдзе да подпісаў. І мы падкрэсліваем на ўсіх сустрэчах на самым высокім роўні, што любыя дамоўленасці, падпісаныя Лукашэнкам зараз, не могуць быць легітымнымі. Яны могуць быць перагледжаныя і адмененыя ў будучыні. Яго нярвуе вельмі паспяховая знешняя палітыка Святланы Ціханоўскай. Кожны раз, калі яна сустракаецца з лідарамі, паціскае ім руку, гэта азначае, што гэтыя лідары больш ніколі не паціснуць руку Лукашэнку.

Аляксандра Лукашэнку не ўспрымаюць як легітымнага кіраўніка дзяржавы, а гэта стварае дадатковыя праблемы для Беларусі. Такія, як павелічэнне рэпрэсій і ў выніку — міжнародную ізаляцыю, падсумоўвае Валерый Кавалеўскі.

Улад Грынеўскі, «Беларускае Радыё Рацыя»