Працягваецца кампанія па збору сродкаў на аплату штрафаў графіцістаў

29 студзеня ў Мінску завершыўся працэс над графіцістамі за малюнкі “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе”. Суд пакараў хлопцаў вялікімі штрафамі: Вадзіма Жаромскага — у 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў), Максіма Пякарскага — у 40 базавых (8 400 000 рублёў) і Вячаслава Касінерава — у 30 базавых (6 300 000 рублёў).



belarus_1.jpg

Нагадаем, што 25 студзеня карэспандэнт TUT.BY Павел Дабравольскі асвятляў “справу графіцістаў” ў судзе Фрунзенскага раёна і разам з Максімам Шыцікавым ды Паўлам Сяргеем, якія прыйшлі падтрымаць графіцістаў, былі затрыманы, збіты і аштрафаваны.

Максіма Шыцікава і Паўла Дабравольскага прысудзілі да штрафу ў 45 базавых велічынь —  9.450.000 беларускіх рублёў, а Паўла Сяргея да штрафу ў 50 базавых велічынь — 10.500.000. На іх былі складзеныя пратаколы за лаянку і “Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы”.

У сваім апошнім слове на судзе Вячаслаў Касінераў гаварыў:

“Мы не хуліганы, мы больш адукаваныя, чым тыя, хто нас затрыміліваў. Нас судзяць за погляды, за тое, што мы супраць аўтарытарызму”.

Хлопцы-графіцісты звярнуліся да “Арт Сядзібы” з просьбай дапамагчы арганізаваць збор сродкаў на аплату штрафаў.

Падтрымаць хлопцаў і пералічыць грошы на аплаты штрафаў можна некалькімі спосабамі:

1. Набыць цішотку з малюнкам “Беларусь мае быць беларускай”. Аўтарам прынта з’яўляецца Максім Пякарскі. На малюнку за перакрэсленым сярпом і молатам — крыжы Курапатаў, а за перакрэсленай свастыкай — званы Хатыні.

Кошт цішоткі будзе 300 000 рублёў, увесь прыбытак пойдзе на аплату штрафаў!

Каб замовіць цішотку, трэба:

— выбраць патрэбны мужчынскі ці жаночы памер у табліцы тут,

— даслаць заяўку з пазнакай “Беларусь мае быць беларускай” на e-mail: artsiadziba@gmail.com (у заяўцы напішыце імя і прозвішча, тэлефон, мужчынскі ці жаночы памер, колькасць, а для адпраўкі поштаю накладзеным плацяжом — паштовы адрас).

2. Ахвяраваць сродкі некалькімі варыянтамі:

— зрабіць дабрачынны ўнёсак на рахунак “Арт Сядзібы” ў любым банку Беларусі, бланк з рэквізітамі тут;

— перадаць грошы праз офіс “Арт Сядзібы”: Мінск, пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430 (ст. м. “Плошча Якуба Коласа”, 4 паверх Маскоўска-Венскага ГЦ);

— пералічыць любую суму карткай праз плацёжную сістэму “PayPal”.

Паводле: Арт Сядзіба