«Рассельгаснагляд» падазрае беларускія санітарныя службы ў фальсіфікацыі пячатак і подпісаў

Расійскі «Рассельгаснагляд» працягвае спыняць кантрабанду з Беларусі: гэтым разам накладзены арышт на грушы і арэхі, аўтатранспартныя сродкі на часовым прыколе.



fury5.jpg

На сайце ведамства паведамляецца, што на пункце вагавага кантролю ў Ржэве Цвярской вобласці пры правядзенні кантрольна-наглядных мерапрыемстваў затрыманы чатыры аўтатранспартных сродкі, якія рухаліся з Рэспублікі Беларусь на адрас грузаатрымальнікаў у Маскоўскай вобласці і Варонежы. Тры з іх перавозілі свежыя грушы з указаннем паходжання Каралеўства Марока (агульная вага больш за 57 тон), яшчэ адна фура — арэхі пекан (амаль 20 тон) мэксіканскага паходжання.
Згодна з адзнакамі на фітасанітарных сертыфікатах, аўтамабілі з грушамі прайшлі праз кантрольны пункт у Бранскай вобласці на расійска-беларускім участку мяжы. Аднак у выніку дакументарнай праверкі выявілася: дадзеныя транспартныя сродкі каранцінны фітасанітарны кантроль у Чырвонай горцы Бранскай вобласці не праходзілі, што сведчыць пра фальсіфікацыю пячатак і подпісаў дзяржаўных інспектараў упраўлення «Рассельгаснагляду» па Бранскай і Смаленскай абласцях, прастаўленых на беларускіх фітасанітарных сертыфікатах.
На суправаджальных дакументах на арэхі пекан адзнакі пра праходжанне каранціннага фітасанітарнага кантролю на расійска-беларускім участку мяжы адсутнічалі ўвогуле.
У мэтах пацвярджэння паходжання заяўленага грузу фітасанітарныя сертыфікаты Марока і Мексыкі накіраваны на аўтарызацыю, да атрымання канчатковых вынікаў транспартныя сродкі размешчаны на складзе ТАА «Апцыён» горада Ржэў.
Раней у Цвярской вобласці былі затрыманыя сем аўтатранспартных сродкаў, якія рухаліся з боку Беларусі. Прычына тая ж — фальсіфікацыя пячатак і подпісаў дзяржаўных інспектараў Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе.
Паводле "Радыё Свабода"