Рэжысёра і актывіста Туровіча пасадзілі на 6,5 гадоў

Прысуд уступіў у сілу, 62-гадовага Аляксея Туровіча ужо перавялі ў калонію №14 пад Барысавам (больш вядомую як «Навасады»), паведамляе «Наша Ніва».

64e3c4b42769aa75b15a02a44064df89_y47wr.jpg


Падрабязнасці справы «Нашай Ніве» распавёў адвакат Аляксандр Філановіч, які абараняў Туровіча.
«Гісторыя, здаецца, і не палітычная, але дзіўная. Туровіча абвінавацілі ў замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры і ў захоўванні зброі.
Туровіч — дастаткова забяспечаны чалавек, у свой час быў прадпрымальнікам, меў нерухомасць, якую перыядычна прадаваў. Меў кватэру, машыну, дом, кватэру ў Пецярбургу. Часам ён даваў людзям грошы ў пазыку пад працэнты.
І ў гэтай сітуацыі ён пазычыў чалавеку грошы: 82 тысячы еўра ў растэрміноўку на 10 ці 11 гадоў. Па дамове, якую засведчылі натарыяльна, — расказвае адвакат. — Але чалавек не пачынаў сплачваць пазыку і недзе праз два месяцы сам падаў у суд, каб прызнаць дамову безграшовай — фактычна, каб даказаць, што тыя грошы Туровіч яму не перадаваў. Мы прад’явілі сустрэчны пазоў, каб выпатрабаваць гэтыя грошы.
Паралельна з прызнаннем дамовы безграшовай на Туровіча завялі крымінальную справу аб замаху на махлярства ў асабліва буйным памеры. Адказнасць за замах такая самая, як за здзейсненае махлярства.
А зброю знайшлі падчас ператрусу. Гэта траўматычны пісталет, які яму яшчэ ў 90-я гады падарылі сябры. Эксперт прызнаў пісталет "агнястрэльнай зброяй траўматычнага ўдзеяння, якая не з’яўляецца агнястрэльнай зброяй". Тым не менш, суд дапытаў эксперта, пасля было дадатковае заключэнне экспертызы, у выніку суд прызнаў пісталет агнястрэльнай зброяй.
Усё гэта было ў 2019-2020 гадах. Пакуль ішлі справа і суд, Аляксея не затрымлівалі, ён быў пад падпіскай. У лютым 2021 года Туровіча асудзілі на 6,5 гадоў. Яго ўзялі пад варту пасля агалошвання прысуду.
Сам Туровіч віну не прызнаў ні па адным з артыкулаў. Я сам складу злачынства ў яго дзеяннях аб махлярстве таксама не бачу».
Абарона падавала апеляцыю, але прысуд пакінулі ў сіле. На прысуд магло паўплываць і тое, што Туровіч ужо быў асуджаны.
«Туровіч меў непагашаную судзімасць, і цяперашнія дзеянні расцэньваюцца як небяспечны рэцыдыў. Адпаведна, суд мусіць прызначаць пакаранне, не меншае за палову ад максімальнага. Па зброі максімальна было 7 гадоў, Туровічу далі 3,5 гады; па махлярстве максімальнае 10 гадоў — Туровічу далі 5 гадоў. Шляхам частковага складання канчаткова прызначылі 6,5 гадоў», — тлумачыць Філановіч.
Адвакат кажа, што ўчора наведваў Туровіча ў калоніі. З адміністрацыяй праблем пакуль няма. Але ёсць праблемы іншага характару.
У 2009 годзе Туровіча пасадзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, звязаных з сексуальным гвалтам і распуснымі дзеяннямі ў дачыненні да хлопчыкаў, якім не было 16 гадоў — фактычна, гэта абвінавачанне ў педафіліі.
Ён не прызнаў віну, пераконваў, што справа была сфабрыкаваная, але атрымаў 6 гадоў калоніі, з якіх адсядзеў 4 гады. А да людзей з такімі артыкуламі стаўленне ў месцах пазбаўлення волі неадназначнае.
«Скажам так, цяпер тыя ж пытанні да Туровіча зноў узнікаюць. Яны нікуды не падзенуцца», — канстатуе Філановіч.
***
Аляксей Туровіч нарадзіўся ў мястэчку Глыбокае Віцебскай вобласці, выхоўваўся ў дзіцячым доме. У 1994 годзе скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». У якасці рэжысёра зняў фільмы «Турма для кума «(2003),» Сынок «(2007), «Яблык месяца» (2008), «Жоўты пясочак» (2017). Як акцёр здымаўся ў «Паскоранай дапамозе 1», «Анастасіі Слуцкай», «Франц+Паліна», «Ліст Феліні». Займаўся бізнесам. У 2008 годзе балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Пасля першай адседкі Туровіч не цураўся свайго абвінавачання: даваў інтэрв’ю, дзе расказваў пра стаўленне да сябе ў калоніі. У апошнія гады нярэдка удзельнічаў у палітычных акцыях: супраць рэстарана ў Курапатах, супраць будаўніцтва АЭС і іншых.