Рух «За Свабоду» патрабуе спыніць пераслед Пятрухіна і іншых незалежных блогераў

Заява Руху «За Свабоду» з нагоды пераследу незалежных блогераў.

unnamed_67.jpg


«Рух „За Свабоду“ патрабуе неадкладна спыніць пераслед брэсцкага відэаблогера Сяргея Пятрухіна, а таксама іншых блогераў і актывістаў, якім можа пагражаць крымінальныя справы за адстойванне свабоды слова», — сказана ў заяве арганізацыі.
У Руху нагадалі, што Сяргей Пятрухін вядомы барацьбой з карупцыяй, асвятленнем пратэстаў і іншымі гучнымі сюжэтамі на сваім канале «Народны рэпарцёр» на YouTube, за сваю дзейнасць ён неаднаразова быў пакараны судамі.
У апошні час ціск на блогера з боку ўладаў вырас праз ягоную актыўную пазіцыю супраць пабудовы ў Брэсце акумулятарнага заводу: 11 траўня ён і яго суаўтар па «Народным рэпарцёры» Аляксандр Кабанаў былі пакараныя за збор подпісаў пад калектыўным зваротам за адстаўку кіраўніцтва Брэсцкай вобласці штрафам на 50 базавых кожны (1 225 рублёў або прыкладна 512 еўра). Збор подпісаў беларускія ўлады палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.
12 траўня па абвінавачванні быццам бы ў паклёпе на міліцыянера ў Сяргея Пятрухіна была канфіскаваная ўся тэхніка: кампутар, смартфон і фотаапарат.
«Рух „За Свабоду“ лічыць падобныя дзеянні ўладаў чарговым наступам на свабоду слова з боку беларускіх уладаў. Мы патрабуем неадкладна спыніць пераслед відэаблогера, вярнуць яму ўсю неабходную для працы тэхніку і адмовіцца ад падобнай практыкі ў будучыні. Мы лічым непрымальным спробы перашкодаў працы блогераў і пагрозы іх судовага пераследу», — адзначылі аўтары заявы.
Рух «За Свабоду» таксама нагадаў пра справы Паўла Спірына і Сцяпана Святлова, якім пагражае крымінальны пераслед па крымінальным артыкуле пра абразу прэзідэнта. «Мы лічым, што усе справы па гэтым артыкуле павінны быць спыненыя, а сам артыкул у адменены як неадпаведны дэмакратычным нормам заканадаўства», — дадалі ў арганізацыі.
Заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці з тымі, хто ў нялёгкіх умовах адстойвае права на праўду, заключылі аўтары заявы.