«Сабакі інтэрв'ю не дадуць». Фотагісторыя пра жыццё прытулка для бяздомных жывёлаў у Гродне
Паводле дадзеных абаронцаў правоў жывёл, штогод у Беларусі забіваюць каля 70 тысяч бяздомных сабак і катоў. Часцей за ўсё пасля адлову яны ўтрымліваюцца ў прытулку толькі пяць сутак, пасля чаго іх папросту знішчаюць. Цягам многіх гадоў абаронцы жывёл змагаюцца з падобнай жорсткасцю.
Фотагісторыяй Катажыны Ляўдацкай пра прытулак для бадзялых жывёлаў. Hrodna. life працягвае расповед пра выставу «Жыццё ў поўным колеры». Яна адкрылася 9 ліпеня ў Цэнтры гарадскога жыцця і стала вынікам навучальнага курса па фота, арганізаванага HrodnaMediaRoom.
Па словах Катажыны, здымкі ў прытулку сталі для яе асабістым выклікам і крокам наперад."Я ніколі не мела хатніх жывёлаў, а сабак папросту баялася", — расказала дзяўчына. Мова вобразаў і форма фотагісторыі, яе меркаваннем, для расповеду пра прытулак дапасаваліся як найлепш. Бо сабакі пра сябе не раскажуць і інтэрв'ю не дадуць .
У 2011 годзе неабыякавыя да гэтай праблемы гарадзенцы стварылі арганізацыю «Адданае сэрца». Валанцёрам удалося наладзіць кантакт з гарадскімі ўладамі, якія дапамаглі знайсці для бяздомных сабак будынак, адмыслова адведзены пад прытулак. Сёння на тэрыторыі прытулку ўтрымліваецца каля 40 сабак.Усе сабакі сацыялізаваныя і прывучаныя да чалавека. Сёння з імі добраахвотна працуюць 17 валанцёраў, якія прыязджаюць кожны дзень, каб навесці парадак і пакарміць сабак. Аднак нават гэтых людзей не хапае, каб удзяліць увагу кожнай жывёліне, якая, як і кожны з нас, патрабуе ўвагі і цяпла.
Паводле hrodna.life