Сацапытанне: 68 адсоткаў беларусаў лічаць тэлебачанне крыніцай фэйкаў
«Digital Skills Coalition» прадставіла даныя даследавання «Медыяспажыванне і медыяграматнасць у жніўні 2021».
Што чытаюць і глядзяць беларусы
Гэта даследаванне інтэрнэт-аўдыторыі, праведзенае па гібрыднай тэхналогіі, якое ахапіла беларусаў як у сталіцы, так і ў рэгіёнах. Выбарка апытаных — 1208 чалавек, іх узрост — 18-74 гады.
Найчасцей людзі атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэт-СМІ і
сайтаў
Асноўнай крыніцай інфармацыі ўдзельнікі даследавання назвалі інтэрнэт-СМІ і сайты. На другім месцы рэспандэнты ўказалі сацыяльныя сеткі, трэцяе месца — гэта навіны ад знаёмых і калег, на чацвёртым месцы — тэлеграм-каналы, і толькі на пятым — тэлебачанне.
Паводле аўтараў даследавання, «тэзіс, што людзі
атрымліваюць інфармацыю ў асноўным з тэлеграм-каналаў, не адпавядае
рэчаіснасці».
Пры гэтым дзве траціны апытаных глядзяць тэлебачанне тры
разы на тыдзень. Больш глядзяць расійскія каналы, чым беларускія.
У інтэрнэце беларусы таксама чытаюць не толькі беларускія
СМІ — яшчэ міжнародныя і расійскія.
Самая папулярная сацыяльная сетка — «Укантакце»
«Укантакце», паводле даных даследавання, — лідар сярод беларусаў па папулярнасці ў атрыманні інфармацыі. Яго выкарыстоўваюць 63% апытаных. На другім месцы Instagram, на трэцім — «Одноклассники», на чацвёртым — Facebook, на пятым — TikTok.
Telegram па папулярнасьці дагнаў Viber
Што да мэсенджараў, то першае месца па папулярнасці падзялілі паміж сабой Viber (выкарыстоўваюць 66%) і Telegram (66%), далей ідзе WhatsApp (28%), мэсенджар Facebook (14%) і Skype (13%).
18% наогул не выкарыстоўваюць мэсенджары як крыніцу
інфармацыі.
90% лічаць, што СМІ іх падманваюць
У межах даследавання ў беларусаў запыталіся, ці не падаецца ім, што СМІ іх падманваюць. На гэтае пытанне 90% адказалі станоўча. Каб спраўдзіць інфармацыю, людзі шукаюць пацвярджэння на міжнародных сайтах, пасля на расійскіх і толькі потым — на беларускіх.
51% апытаных лічаць, што могуць адрозніць фэйк ад
праўдзівай інфармацыі. Траціна рэспандэнтаў не ведаюць, ці могуць адрозніць
фэйк ад праўды.
Абсалютным лідарам сярод крыніц фэйкавых навін людзі
назвалі тэлебачанне — такіх 68%. Але тут трэба ўлічваць: шмат у якіх выпадках
маюцца на ўвазе расійскія тэлеканалы.
Сацыяльныя сеткі — крыніца фэйкаў на думку 48% апытаных,
друкаваная прэса — 39%, інтэрнэт-СМІ — 35%, тэлеграм-каналы — 31%, форумы і
блогі — 28%, радыё — 26%.
Людзі думаюць, што найменшая крыніца фэйкаў — інфармацыя ад
знаёмых, сяброў і калег. Крыніцай фэйкаў іх назвалі толькі 16%
апытаных.
Паводле «Свабоды».